Прадаецца дом Толкіна

Для прыхільнікаў «Уладара пярсцёнкаў» з’явіліся цікавыя навіны: у Англіі выстаўлены на продаж дом Джона Р. Р. Толкіна.


Менавіта там аўтар напісаў казачную аповесць пра прыгоды Більба Бэгінса «Хобіт» і трылогію «Уладар пярсцёнкаў», «Сільмарыліён» ды іншыя творы пра Міжзем’е.

Агенцтва нерухомасці «Breckon & Breckon» выставіла на продаж дом знакамітага ва ўсім свеце пісьменніка за 4,6 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў, або 5,9 мільёнаў даляраў ЗША. Ад оксфардскай сядзібы Толкіна да Лондана — 90 кіламетраў, дом жа захаваўся практычна ў тым жа стане, у якім быў пабудаваны ў 1924 годзе.

Брытанскі пісьменнік і лінгвіст жыў у тым доме з 1930 па 1947 гады і, мяркуючы па ўсім, правёў у ім нямала шчаслівых дзён са сваёй сям’ёй. Пісьменніцкая праца была хобі для оксфардскага прафесара-лінгвіста, як, зрэшты, і прыдумлянне эльфійскіх моў.

Двухпавярховы сямейны дом Толкіна вельмі прасторны: ён займае каля 4 тысячаў квадратных футаў (больш за 370 м²), з высокімі столямі, дзвюмя гасцінымі, кухняй — пакоем для сняданку, з шасцю спальнямі, каморай, гардэробнай, ваннымі ды іншымі пакоямі. Інтэр’еры памяшканняў максімальна захаваны, і седзячы ва ўтульным пісьменніцкім фатэлі, лёгка ўявіць, як ствараліся вобразы Гэндальфа, Арагорна, Элранда, Галадрыэлі, Легаласа, Гімлі, Торына Дубашчыта, Берэна і многіх іншых.

Дом у цэнтральнай частцы заходняга Оксфарда мае таксама прасторны ўнутраны двор з дрэвамі, вялікі луг ды некаторыя гаспадарчыя пабудовы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: