Пракуратура Бельгіі заяўляе пра 16 арыштаваных падчас рэйдаў паліцыі

Прадстаўнік федэральнага пракурора Бельгіі Эрык Ван дэр Сіпт ноччу на прэс-канферэнцыі паведаміў пра 16 арыштаваных падчас рэйдаў паліцыі, звязаных з расследаваннем тэрактаў у Парыжы 13 лістапада. 



Паводле яго слоў, сярод затрыманых няма аднаго з галоўных падазраваных у датычнасці да нападаў Салаха Абдэслама.

Бельгійскія праваахоўнікі не паведамляюць аніякіх дэталяў пра затрыманых, як і не вылучаюць канкрэтных абвінавачванняў у дачыненні да падазраваных «у інтарэсах следства».

«Ні адна дадатковая інфармацыя пра выяўленыя аб’екты і арыштаваных асобаў не можа быць прадстаўленая. Пакуль агнястрэльнай зброі або выбуховых рэчываў не знойдзена», — сказаў прадстаўнік пракурора Бельгіі.

Аперацыі па забеспячэнні бяспекі грамадзян Бельгіі працягваюцца, адзначылі ў пракуратуры.

Падчас рэйдаў, якія завяршыліся позна ўвечары ў нядзелю, паліцыя правяла 19 ператрусаў у рэгіёне Брусэль, а таксама тры ператрусы ў Шарлеруа, горадзе ў рэгіёне Валонія на поўдні Бельгіі.

Паводле дадзеных прадстаўніка пракурора, падчас ператрусу бара аднаго з раёнаў Брусэля мужчына на аўтамабілі пратараніў аўто паліцыі і спрабаваў уцячы. Паліцыянты двойчы стрэлілі ў аўтамабіль уцекача, параніўшы яго. Мужчыну затрымалі, але пацверджанняў яго датычнасці да расследавання справы аб тэрарыстычных нападах няма.

Брусэль застаецца на найвышэйшым узроўні трывогі — чацвёртым, які быў абвешчаны 21 лістапада.

Прэм’ер-міністр Шарль Мішэль заявіў, што «ёсць дастаткова дакладная інфармацыя аб рызыцы нападу, падобнага таму, што адбыўся ў Парыжы» 13 лістапада. Ён выказаў здагадку, што магчымымі мішэнямі баевікоў могуць стаць гандлёвыя цэнтры, камерцыйныя кварталы або грамадскі транспарт. Як заявіў Мішэль, метро, усе школы і ўніверсітэты будуць зачыненыя ў Брусэлі 23 лістапада. Прэм’ер таксама анансаваў пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі, каб разгледзець сітуацыю ў краіне. Узровень падвышанай трывогі пакуль застаецца, дадаў ён.

Па словах бельгійскага прэм’ера, улада робіць усё магчымае, каб вярнуць горад да нармальнага жыцця настолькі хутка, наколькі гэта магчыма.

Мэр Брусэля даў загад закрыць кавярні і рэстараны, размешчаныя побач з гандлёвымі цэнтрамі і грамадскімі будынкамі.

Брусэль апынуўся ў цэнтры расследаванняў, калі высветлілася, што падазраваныя ў датычнасці да нападаў у Парыжы, у выніку якіх загінулі 130 чалавек і параненыя сотні людзей, жылі ў Бельгіі.

Бельгійская паліцыя позна ўвечары 22 лістапада завяршыла спецыяльную аперацыю ў Брусэлі. Грамадскае тэлебачанне Бельгіі аб’явіла пра гэта амаль апоўначы па мясцовым часе і анансавала начную прэс-канфэрэнцыю дзяржаўнага пракурора з гэтай нагоды 23 лістапада. Раней у бельгійскай сталіцы абвясцілі рашэнне не аднаўляць у панядзелак працу метрапалітэна. Таксама ў гэты дзень не будуць працаваць мясцовыя школы і ўніверсітэты.

21 лістапада быў абвешчаны чацвёрты ўзровень трывогі. Станцыі метро бельгійскай сталіцы былі зачыненыя на выходныя, і падзеі, такія як футбольныя матчы, былі адмененыя. Дадатковыя меры бяспекі былі ўведзеныя ў цягніках, на вакзалах, аэрапортах.

www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: