Ці пойдзе Беларусь шляхам Алжыра?

У Алжыры стартавала канстытуцыйная рэформа — вельмі падобная на тую, што абяцаюць нам нашы ўлады. І там яна ледзь не адразу правалілася.

Фота www.bbc.com

Напэўна, у кожнай краіне ёсць сімвал няроўнасці грамадзян і кіруючай эліты. Дзесьці — гэта рэзідэнцыі, дзесьці — яхты дзетак палітыкаў. А ў Алжыры такім сімвалам даўно з’яўляўся закрыты ўжо амаль 30 гадоў для звычайнай публікі пляж Club des Pins. Частка апазіцыйных груповак на мітынгах пратэсту нават насіла транспаранты з патрабаваннем адкрыцця таго пляжу для ўсіх. І вось не так даўно закрыты аб’ект адкрылі для плебсу. Як піша прэса, на ўваходзе на пляж утварыліся таўкатня і чэргі. А некаторым наведвальнікам давялося чакаць доступу на пляж паўгадзіны.

Тое, што пляж адкрылі менавіта цяпер, — не выпадковасць. Відавочна, што магчымасць загараць на элітным пляжы павінна нейкім чынам кампенсаваць грамадству крах спадзяванняў на дэмакратызацыю, якія ахапілі краіну ў канцы зімы 2019-га.

Тады, а менавіта 10 лютага, 82-гадовы прэзідэнт Алжыра Абдэльазіз Бутэфліка, які кіраваў краінай з 1999 года, абвясціў пра вылучэнне сваёй кандыдатуры на пяты прэзідэнцкі тэрмін. Пры гэтым не выключаюць, што кандыдат сам не ведаў пра свае ўладныя амбіцыі. У гэты момант — з прычыны доўгай хваробы — ён знаходзіўся ў Жэневе ў палаце рэанімацыі. Па-сутнасці, рашэнне за прэзідэнта, які на публіцы з’яўляўся ў лепшым выпадку раз на год, прымала яго атачэнне.

Так ці інакш, навіна пра дзяжурны паход Бутэфліка на пасаду гаранта выклікала рэзкую незадаволенасць на радзіме. Алжыр нечакана накрыла хваля пратэсту, што было сюрпрызам для ўсіх. Лічылася, што людзі да гэтага часу баяцца рэформаў, застаючыся ў палоне ўспамінаў пра 1980-я гады, калі ў Алжыры ішла вайна з ісламістамі.

Дапускаюць, што выйсці на вуліцы людзей натхніла драма аднаго простага алжырца. Пару месяцаў таму той праваліўся ў 30-метровы калодзеж, шырыня якога складала ўсяго толькі 36 сантыметраў. Сям’я заявіла, што тры дні дамагалася, каб пачалі выратавальную аперацыю. Калі супрацоўнікі МНС прыехалі, мужчына ўжо загінуў. Гэтая гісторыя выклікала першыя хваляванні.

Так гэта ці не, аднак народ сапраўды быў раз’юшаны. На нейкім этапе пратэстоўцам удалося выклікаць эрозію ўнутры вертыкалі, што выявілася ў няўпэўненых дзеяннях сілавых структур, якія алжырцы называлі «арэлі». Гэта паліцэйская практыка, калі парушальнікаў мясцовага аналагу закона аб масавых мерапрыемствах то арыштоўвалі, то выпускалі.

Лёд канчаткова зрушыўся, калі кіраўнік Генштаба запатрабаваў прымянення артыкула Канстытуцыі, у якім «сур’ёзная і працяглая хвароба» кіраўніка дзяржавы разглядаецца як «перашкода» для выканання яго абавязкаў. Адразу ад Бутэфліка адмовіліся алігархі, ветэраны вызваленчай вайны, СМІ і чальцы адміністрацыі. 11 сакавіка Бутэфліка адмовіўся вылучаць сваю кандыдатуру на прэзідэнта. Таксама ў адстаўку сышоў урад Алжыра, а выбары кіраўніка дзяржавы былі перанесеныя на нявызначаны тэрмін.

Галасаванне адбылося ў снежні мінулага года і прынесла перамогу былому прэм’еру Абдэльмаджыду Табуну, які з 58,15% галасоў апярэдзіў кандыдата ад ісламістаў (17,38%) і трох іншых прэтэндэнтаў. Па-сутнасці, старая эліта засталася ля стырна ўлады, дзякуючы шэрагу фактараў. Гэта і адсутнасць адзінства ў апазіцыйным руху, частка якога сімпатызуе ісламістам, і негалосная падтрымка старых кланаў з боку Захаду, які зацікаўлены ў працягу эксплуатацыі алжырскіх запасаў сыравіны.

Каб давесці, што ў краіне пачаліся рэформы, адміністрацыя Табуна паабяцала дыялог з народам. Часам ён выглядаў вельмі незвычайна. Напрыклад, у лютым гэтага года быў падпісаны ўказ, які абвяшчае гадавіну пратэстаў «Нацыянальным днём братэрства і згуртаванасці народа і яго войска за дэмакратыю». Больш за тое, як сказаў Табун, «акцыі пратэсту выратавалі краіну ад поўнага краху».

Адначасова была ініцыяваная канстытуцыйная рэформа. Асноўныя змены уводзяць абмежаванне колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў, скарачэнне паўнамоцтваў прэзідэнта і ўсталяванне балансу галінаў улады. Таксама змены павінны былі замацаваць асноўныя грамадзянскія правы і свабоды, незалежнасць судовай сістэмы і ўзмацніць меры барацьбы з карупцыяй.

Праект паправак  1 лістапада быў выстаўлены на рэферэндум і атрымаў патрэбны працэнт падтрымкі. Каментуючы вынікі галасавання, прэзідэнт заявіў, што «ранейшы рэжым больш не існуе», а «краіна ўступіла ў пераходны перыяд на шляху да дэмакратыі». Што да апазіцыі, то яна адразу байкатавала працэс перагляду Канстытуцыі і рэферэндум, паколькі «асуджае змену кланаў у процівагу дэмакратычнай альтэрнатыве».

Ці стаў Алжыр 1 лістапада на шлях дэмакратыі? Або тут пад соусам касметычнай рэформы захаваліся старыя парадкі?

На думку каментатараў, большасць алжырцаў падтрымлівае тэзісы апазіцыі, пра што сведчыць беспрэцэдэнтна нізкая яўка на рэферэндум — 23,7%. Як вынік, можна казаць, што ўладзе не ўдалося атрымаць легітымнасць і нармалізаваць сітуацыю. «Ход галасавання ў нядзелю відавочна паказвае, што рэжым павінен прапанаваць людзям значна больш, калі хоча спыніць палітычны крызіс у краіне. Без рэальнай палітычнай дэмакратызацыі Алжыр не зможа супакоіцца», — мяркуе адна з мясцовых газет.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: