Пратэсты ў Албаніі: спробы штурму парламента і пацярпелыя

У Тыране ўдзельнікі акцыі пратэсту супраць дзейнага прэм'ер-міністра Эдзі Рамы паспрабавалі ўзяць штурмам будынак парламента. Пацярпелі паліцыянты, дэманстранты і журналісты.
У сталіцы Албаніі Тыране зноў адбыліся сутыкненні паміж паліцыяй і дэманстрантамі, якія патрабуюць адстаўкі прэм'ер-міністра Эдзі Рамы. Увечары ў суботу, 13 красавіка, частка пратэстуючых прарвала паліцэйскі кардон і паспрабавала ўзяць штурмам будынак парламента, але была спыненая слёзатачывым газам і вадамётамі.

Акрамя адстаўкі узначаленага Рамай кабінета, кантраляванага кіруючай Албанскай сацыялістычнай партыяй, спадкаемцам кіраваўшай да 1991 года Албанскай партыі працы, удзельнікі пратэстаў заклікаюць да правядзення датэрміновых парламенцкіх выбараў. У дэманстрацыі на вуліцах Тыраны прымае ўдзел некалькі тысяч чалавек, якія з'ехаліся з розных рэгіёнаў.

Як заявіў міністр унутраных спраў Албаніі Сандэр Лёша, у выніку сутыкненняў раненні атрымалі пяць супрацоўнікаў паліцыі. Таксама паступаюць звесткі пра тое, што пацярпелі некалькі дэманстрантаў і журналістаў, якія знаходзіліся ў ачагу падзей.

Апазіцыя заклікае працягваць пратэсты


Лідар апазіцыйнай Дэмакратычнай партыі Албаніі Люльзім Баша заклікаў да працягу пратэстных акцый, каб дамагчыся «неадкладнай палітычнай ратацыі» і фарміравання пераходнага ўрада без удзелу Рамы. Апазіцыя абвінавачвае кіруючую партыю ў карупцыі і падтрымцы арганізаванай злачыннасці. Пратэсты ў Албаніі працягваюцца з 2018 года. У сакавіку 2019 года пратэстоўцы ўжо Спрабавалі ўварвацца ў будынак парламента, але паліцыі ўдавалася іх спыніць.

Албанская сацыялістычная партыя перамагла на выбарах у чэрвені 2017 года, Дэмакратычная партыя са значным адрывам заняла другое месца. Албанія — адна з самых бедных дзяржаў Еўропы. Сярэдні даход яе жыхароў — каля 350 еўра ў месяц. Колькасць насельніцтва краіны складае 2900000 чалавек, яшчэ 1200000 албанцаў пражываюць за мяжой.

dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!