Пратэсты ў Ганконгу: ва ўніверсітэтах адмянілі заняткі да канца семестра

У Ганконгу з-за пратэстаў да канца семестра адмянілі заняткі ў ВНУ. Адміністрацыі ўніверсітэтаў спасылаюцца на "беспрэцэдэнтную ўспышку гвалту" і непакояцца наконт бяспекі студэнтаў.

У Ганконгу адміністрацыя некалькіх універсітэтаў вырашыла адмяніць заняткі да канца семестра з-за сутыкненняў паміж пратэстоўцамі і паліцыяй.

"У чацвер універсітэты ў Ганконгу адмянілі заняткі да канца бягучага семестра на фоне беспрэцэдэнтнай успышкі гвалту на тэрыторыі некалькіх ВНУ", — гаворыцца ў паведамленні.

Гэты крок адбыўся праз два дні пасля сутыкненняў паміж пратэстоўцамі і паліцыяй у Кітайскім універсітэце Ганконга. Падчас гэтых сутыкненняў паліцыя ўжыла слёзацечны газ, а пратэстоўцы кідалі "кактэйлі Молатава". Адміністрацыі ВНУ асцерагаюцца далейшых сутыкненняў, таму студэнтам і выкладчыкам было загадана трымацца далей ад універсітэцкага гарадка.

На тэрыторыі Політэхнічнага ўніверсітэта Ганконга пратэстоўцы ўстанавілі барыкады і перакрылі тунель Ганг Гом, праз які адбываюцца галоўныя транспартныя зносіны паміж паўвостравам Коўлун і востравам Ганконг. Басейн навучальнай установы ператварылі ў пляцоўку для тэставання "кактэйляў Молатава".

У выніку гэтага Універсітэт Ганконга, Кітайскі ўніверсітэт і Ганконгскі баптысцкі ўніверсітэт спаслаліся на праблемы з бяспекай людзей і адмянілі заняткі, што мусілі адбыцца ў бягучым семестры.

Нагадаем, у пачатку лета ў Ганконгу ўспыхнулі масавыя акцыі пратэсту супраць спробаў уладаў прыняць законапраект аб экстрадыцыі, які дазваляе выдаваць правапарушальнікаў у мацерыковы Кітай. У канцы верасня пратэсты абвастрыліся, урад Ганконга атакавалі "кактэйлямі Молатава". Паліцыянты стралялі па пратэстоўцах.

Дэманстранты таксама вылучаюць яшчэ чатыры патрабаванні, сярод якіх — вызваленне ўсіх затрыманых удзельнікаў пратэстных акцый і дэмакратызацыя выбарчай сістэмы Ганконга.

Паводле korrespondent.net

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: