Праўладныя медыя шукаюць украінскі след

Тэракт 3 красавіка ў піцерскім метро, ахвярамі якога сталі 14 чалавек стаў адной з галоўных падзей тыдня. Пецерскі выдавец Уладзімір Кузмін распавядае «Новаму Часу» пра тое, як жыхары горада ўспрынялі трагедыю і якія могуць быць яе глабальныя наступствы.


— Дзе вас асабіста напаткала навіна пра выбух?

— На месцы працы, хаця праца ў офісе прыпынілася, як толькі стала вядома пра выбух. Першай агульнай рэакцыяй пасля шоку стала высвятленне, што сталася з роднымі і сябрамі. Таму ўсе былі вельмі знерваваныя, у тым ліку праз чуткі пра другую бомбу на іншай станцыі. Акрамя таго, некаторыя сайты папулярных гарадскіх выданняў нейкі час не адчыняліся праз тэхнічныя праблемы.

Паступова малюнак стаў больш зразумелы, хаця атмасфера надзвычайнага здарэння захоўвалася да канца дня. Праз тое, што зачынілі метро, грамадскі транспарт аказаўся перапоўнены. Да самага глыбокага вечара на вуліцах былі заторы і ступар. Праўда, падобныя праблемы часткова кампенсаваліся за кошт нізавой грамадзянскай салідарнасці. Праз сацыяльныя сеткі аўтамабілісты прапаноўвалі бясплатныя паслугі для тых, каму «па дарозе». Аднак трэба прызнаць, што хапала і такіх, хто патрабаваў за паездку ў тры разы больш, чым яна каштуе звычайна.

— Вядома, што калісьці Піцер быў ледзь не еўрапейскай сталіцай палітычнага тэрарызму (дастаткова ўзгадаць забойства нарадавольцамі цара Аляксандра ІІ). Аднак у часы Пуціна праблема экстрэмізму, быццам, ніколі не была на гарадской павестцы дня...

— На самай справе, гвалту ў горадзе на Няве хапала, асабліва ў ліхія 90-я, аднак гэта былі, як правіла, бандыцкія разборкі. Прычым некаторыя з «браткоў», як цяпер высвятляецца, былі гатовыя на замахі на гарадскіх палітыкаў самага высокага рангу. Пасля, калі да нас прыйшла мода на стыль «скінхэд», паўстала неанацысцкая «Баявая тэрарыстычная група», якая не толькі забівала выпадковых мігрантаў. Прыкладна ў 2003-м яна рыхтавала буйны тэракт супраць удзельнікаў адной міжнароднай канферэнцыі, аднак радыкалаў паспелі арыштаваць.

Тое, што тэрарыстычныя акты доўгі час абміналі горад, можна перш за ўсё патлумачыць тым, што геаграфічна канфлікт, адкуль для Расіі ідзе пагроза тэрарызму, знаходзіцца далёка — на Паўночным Каўказе. Акрамя таго, прывабных мішэняў для экстрэмістаў у Піцеры няшмат — праз адсутнасць федэральных устаноў і палітыкаў, якія сімвалізуюць рэжым. Напэўна таму тэракт здарыўся ў дзень, калі ў горад прыехаў Пуцін.

— Выбух у піцерскім метро адбыўся сінхронна таму, як у Расіі стартавала прэзідэнцкая кампанія. Як тэракт паўплывае на яе ход?

— Большасць прадстаўнікоў палітычнага мейнстрыму — як ад улады, так і апазіцыі, як і трэба для публічных асобаў, выказалі спачуванне ахвярам трагедыі. Аднак некаторыя фракцыі абодвух лагераў сапраўды кінуліся палітызаваць трагедыю. Сцісла кажучы, усё вярнулася на пачатак ХХІ стагоддзя, калі па Расіі пракацілася хваля загадкавых выбухаў дамоў. Як і тады, сёння частка апазіцыі пабачыла ў гэтым руку Пуціна, якому, маўляў, патрэбны матыў, каб закруціць гайкі і кансалідаваць грамадства вакол кіраўніка дзяржавы. Тое, што цяпер ён, маўляў, узгадаў пра мінулае, таксама звязваюць з нядаўнім ростам вулічных пратэстаў. Праўладныя медыя, наадварот, шукаюць у тэрактах у Піцеры след украінскіх радыкалаў, чыя агентура працуе ў Расіі, быццам бы, абапіраючыся на мясцовых лібералаў.

— Ці маюць спробы палітызаваць трагедыю рэзананс сярод жыхароў гораду?

— Гэта, хутчэй, цікавіць сталічных палітолагаў. Думаю, значна большы інтарэс прыцягвае скандал з сістэмай бяспекі ў нашым метрапалітэне. У горадзе каля 60 станцый, на якіх на ўваходах прыкладна год таму ўсталявалі больш за 300 металадэтэктараў. Цяпер высветлілася, што гэтая сістэма ад самага пачатку не магла працаваць. І не толькі таму, што ў выпадку, калі дэтэктар скануе жалеза і падае сігнал, паліцэйскі павінен праверыць пасажыра, што пагражае вялізарнымі чэргамі. Высвятляецца, што тыя «сканеры» не былі настроеныя. Цяпер усім цікава, хто з муніцыпальных чыноўнікаў заплаціў вялізарныя бюджэтныя грошы за машыны, якія не працуюць.

— Цяпер асноўным падазраваным з’яўляецца выхадзец з Кіргізіі. Калі інфармацыя пацвердзіцца, гэта можа справакаваць у расійскім соцыуме ксенафобскія выступы супраць мігрантаў?

— Мяркую, любыя спробы такіх выступаў будуць хутка ліквідаваныя. У тым ліку таму, што ўлада праз сваю карумпаванасць вельмі зацікаўленая ў працоўных мігрантах. Засваенне казённых бюджэтаў, калі дворнік-таджык атрымлівае траціну заробку, а астатняе «пілуюць» чыноўнікі — вельмі добры гешэфт. Акрамя таго, апошнім часам мы сутыкнуліся са з’явай, калі дыяспары пастаўляюць масоўку на пракрамлёўскія мітынгі.

— Расійскі афіцыёз кажа, што на фоне 4–6 буйных тэрактаў у Еўропе за апошні час расійская статыстыка ў гэтай галіне не самая кепская. Не кажучы пра тое, што спецслужбам удалося папярэдзіць патэнцыйна большы тэракт на іншай станцыі.

— На самай справе, сітуацыя не падаецца камфортнай. Мы яшчэ не ведаем, ці дзейнічаў тэрарыст у метро самастойна. Не выключана, што забойца быў звязаны з выхадцамі з краін СНД, якія ваявалі ў Іраку і Сірыі на баку экстрэмістаў. У любым выпадку, аб’яднанню «Ісламская дзяржава», якое атакуюць з усіх бакоў, засталіся лічаныя дні. Як следства, радыкалы, сярод якіх пару тысяч расійскіх грамадзян, хутка пачнуць вяртацца на радзіму, што, натуральна, не можа не турбаваць.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: