Праўленне партыі Меркель вызначылася з кандыдатам у канцлеры Германіі

Праўленне нямецкай кансерватыўнай партыі «Хрысціянска-дэмакратычны саюз» (ХДС) падтрымала Арміна Лашэта як кандыдата ў канцлеры на парламенцкіх выбарах гэтага года.


Дэбаты партыйнага савета працягваліся на працягу шасці гадзін і зацягнуліся да позняй ночы панядзелка. У выніку за Лашэта, які ўзначальвае партыю, прагаласавала большасць (77,5%) рады партыі — 31 чалец. Яго спаборнік Маркус Зэдэр атрымаў усяго 9 галасоў, паведамляе АФН са спасылкай на «Deutsche Welle».

Галасаванне не з’яўляецца афіцыйным рашэннем аб вылучэнні кандыдата ад кансерватыўнага блока, да якога належаць ХДС і «Баварскі Хрысціянска-сацыяльны саюз» (ХСС) Зэдэра. Аднак Зэдэр раней заяўляў, што будзе паважаць рашэнне партыйнага савета ХДС.

«Гаворка ідзе пра лепшыя адказы на надзённыя пытанні будучыні. І я гатовы балатавацца ад нашага імя», — сказаў Лашэт пасля галасавання праўлення.

Лашэт і Зэдэр — прэм'ер-міністры двух найбольш густанаселеных нямецкіх зямель Паўночны Рэйн-Вестфалія і Баварыя, — змагаліся за тое, каб стаць кандыдатам у канцлеры ад двух сястрынскіх партый.

Лашэт склікаў відэаканферэнцыю ў панядзелак увечары, каб хутка вырашыць пытанне аб кандыдатуры. Ён таксама запрасіў Зэдэра, але яго супернік заявіў падчас прэс-канферэнцыі ў панядзелак, што ён не хоча «ўмешвацца» ў працэс прыняцця рашэнняў ХДС, і паабяцаў, што не будзе «злавацца», калі партыя абярэ Лашэта.

Раней чакалася, што рашэнне аб кандыдатуры на пасаду канцлера ФРГ кансерватары прымуць у студзені — пасля таго, як Армін Лашэт быў абраны старшынёй ХДС. Аднак патэнцыйным кандыдатам у канцлеры ўсё часцей называлі і баварскага прэм’ера, папулярнасць якога значна ўзрасла ў маштабах усёй краіны падчас пандэміі COVID-19.

Беспарадкі ў кансерватыўным лагеры адрозніваюцца ад сітуацыі ў партыі «Зялёныя», якая ў панядзелак, без унутраных спрэчак, вылучыла Аналену Баербок першым кандыдатам на пасаду канцлера за 40 гадоў.

Апытанне «Forsa», праведзенае на мінулым тыдні, паказала, што кансерватыўны альянс мае падтрымку на ўзроўні 27%, у той час як «Зялёныя» — на ўзроўні 23%.

Выбары ў Бундэстаг пройдуць у Германіі ў канцы верасня.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: