Праваабаронцы паведамілі аб шматлікіх ахвярах расійскіх бамбаванняў у Сірыі

Па меншай меры 544 мірных жыхароў дзвюх мяцежных правінцый на паўночным захадзе Сірыі загінулі, больш за 2000 чалавек атрымалі раненні ў выніку наступу на апошні аплот апазіцыі, які праводзяць пачынаючы з красавіка расійскія ваенныя і войскі, якія падтрымліваюць рэжым Башара Асада, перадае Радыё Свабода.

Пачынаючы з 26 красавіка расійская ваенная авіяцыя пачала аказваць падтрымку сірыйскай урадавай арміі ў наступленні на правінцыю Ідліб і прылеглыя да яе раёны правінцыі Хама, паведамляе «Голас Амерыкі».

Сірыйская сетка па выкананні правоў чалавека (SNHR) — арганізацыя, якая адсочвае гібель мірных жыхароў у Сірыі і перадае інфармацыю пра гэта розным падраздзяленням ААН — заявіла ў суботу, што ў выніку сотняў нападаў, здзейсненых расійскімі і сірыйскімі вайскоўцамі, загінулі 544 мірных жыхара, у тым ліку 130 дзяцей. Раненні атрымалі 2117 чалавек, паведамілі ў SNHR.

«Расійскія вайскоўцы і іх сірыйскія хаўруснікі наўмысна наносяць удары па мірнаму насельніцтву, па медычных установах», — распавёў Reuters Фадель Абдул Гані, старшыня SNHR.

У Маскве і Дамаску адмаўляюць паведамленні аб тым, што іх самалёты бамбуюць раёны з грамадзянскім насельніцтвам, ужываючы касетныя боепрыпасы і запальнае ўзбраенне.

Расія заяўляе, што яе вайскоўцы пры падтрымцы сірыйскага войска адбіваюць тэрарыстычныя атакі, што выконваюцца баявікамі «Аль-Кайды». Па дадзеных расейскіх вайскоўцаў, тэрарысты атакуюць густанаселеныя раёны, якія знаходзяцца пад кантролем Дамаска. Расія таксама абвінавачвае паўстанцаў у парушэнні дамовы аб спыненні агню, дасягнутага ў мінулым годзе Анкарой і Масквой.​

У мінулым месяцы праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch паведаміла, што расійскія і сірыйскія ваенныя ўжываюць падчас нападаў касетныя боепрыпасы і запальную зброю, наносячы ўдары па раёнах, дзе жывуць мірныя жыхары.

Па словах мясцовых жыхароў і ратавальнікаў, вынікам двухмесячнай кампаніі Масквы і Дамаска сталі дзясяткі разбураных вёсак і гарадоў у правінцыі Ідліб. Па дадзеных ААН, як мінімум 300 000 чалавек былі вымушаныя бегчы з раёнаў бамбаванняў да мяжы з Турцыяй.

У пятніцу ў вёсцы Мамбіль на захадзе Ідліб у выніку бамбардзіроўкі загінулі 15 чалавек, у тым ліку некалькіх дзяцей. Паводле словаў групы грамадзянскай абароны, вёску разбамбілі верталёты сірыйскай арміі.

У мінулы чацвер быў разбураны будынак шпіталя ў Кафра-Набле. Гэта ўжо 30-я па ліку медычная ўстанова, знішчаная падчас разбуральнай расійска-сірыйскай кампаніі ў Ідлібе.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!