«Правакацыя, інспіраваная ў Маскве». Прэм’еры Польшчы і Літвы выказаліся пра крызіс на мяжы

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што ў Беларусі знаходзіцца больш за 10 тыс. мігрантаў, якія могуць напоўніць Польшчу і Літву. Пра гэта ён сказаў на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэмʼер-міністаркай Літвы Інгрыдай Шыманітэ ў Варшаве.

«Згодна з нашымі звесткамі, у Беларусі больш за 10 000, можа, і больш асоб, якія перамешчаныя з Блізкага Усходу, пераважна — з Ірака, а таксама з Сірыі, каб праводзіць гібрыдную атаку», — перадае DELFI словы польскага прэм'ера.

Паводле яго, мінскі рэжым ажыццяўляе супраць Літвы і Польшчы «правакацыю, інспіраваную ў Маскве».

Маравецкі таксама падкрэсліў важнасць барацьбы з прапагандай беларускага рэжыму, каб не дапусціць «эфектыўнасці палітыкі Аляксандра Лукашэнкі».

«Я хачу звярнуць увагу на тое, што ўсходнія суседзі адрозніваюцца адной уласцівасцю, выкарыстанне якой мы назіралі шмат разоў. Яны схільныя вінаваціць іншыя дзяржавы ў тым, што робяць самі. Напрыклад, абвінавачваюць Еўропу ў перапісванні гісторыі, хоць самі перапісваюць гісторыю да такой ступені, што спрабуюць забыцца на пакт Молатава-Рыбентропа», — сказала прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманітэ.

Паводле яе, працэс нелегальнай міграцыі ў Літву і Польшчу зʼяўляецца створаным «паводле злой волі» мінскага рэжыму.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: