Кааліцыі не будзе, Германію чакаюць новыя выбары

Германія ўжо рыхтуецца святкаваць Каляды, напярэдадні якіх Ангела Меркель абяцала прэзентаваць свой новы ўрад. Аднак 20 лістапада перамовы праваліліся. Пра тое, чаму гэта адбылося, распавядае нямецкі журналіст Пітэр Бурк.

— Падарункам пад ялінку для ўсіх немцаў павінна была стаць кааліцыя «Ямайка», аднак канклаў прадстаўнікоў чатырох партый (кансерватары, баварскія хрысціянскія сацыялісты, зялёныя і лібералы) відавочна зацягваецца...

— Сітуацыя трошкі камічная, паколькі старт на перамовах быў вельмі бурлівым. Амаль за тыдзень быў выпрацаваны агульны падыход па блоку тэмаў. Аднак некалькі дзён таму Меркель заявіла пра магчымасць датэрміновых выбараў. Высветлілася, што перамовы зайшлі ў глухі тупік праз тэмы энергетыкі і ўцекачоў.

Аднак больш хвалюе тое, што клімат на перамовах быў не вельмі канструктыўны. Кансультацыі ператвараліся ў нейкі покер, калі тыя ж баварцы блефавалі наконт выхаду з перамоваў. Адначасова лідар лібералаў Крысціян Лінднер рабіў сваё персанальнае шоў. Нарэшце, Меркель таксама не была гатовая ісці ў кааліцыю любым коштам. Створаны па такіх правілах гульні ўрад не меў бы шанцаў доўга працаваць. Калі кааліцыя і з’явілася б, як абяцала канцлер, то з часам, на маю думку, сама ж Меркель і пахавалаб кабінет.

— Апошні выпуск уплывовага часопіса «Stern» паведамляе, што ўнутры Хрысціянска-дэмакратычнага саюзу (CDU) пачаліся дэбаты пра пераемніка Меркель. Ці ёсць нейкія канкрэтныя прозвішчы, і як уплывае конкурс новага старшыні на кааліцыю?

— Пра тое, што CDU шукае новага лідара, пісалі і раней. Таксама называліся некаторыя прозвішчы, аднак пакуль нічога канкрэтнага няма. Праўда, цяпер аднапартыйцы сапраўды часцей кажуць пра неабходнасць адстаўкі Меркель, ствараецца адпаведная атмасфера ў прэсе. Асабліва незадаволеная канцлерам правая фракцыя. За часы Меркель CDU зрабіла вялікі крок у бок цэнтру, і зараз часта ўспрымаецца бюргерамі, як у свой час успрымалася Сацыял-дэмакратычная партыя (SPD) — памяркоўная партыя сярэдняга класу.

Правыя кансерватары баяцца, што праз дрэйф Меркель у накірунку цэнтру стары электарат будзе міграваць да правапапулістаў з партыі «Альтэрнатыва для Германіі». І сапраўды, першы званок ужо прагучаў на апошніх выбарах, калі не Хрысціянска-дэмакратычны саюз, а «Альтэрнатыва для Германіі» стала вядучай правай сілай ва ўсходніх землях.

З іншага боку, пакуль пазіцыі ў Меркель моцныя, і яна сама будзе вырашаць, калі ёй сыходзіць. Натуральна, канфрантацыя ўнутры партыі не дадае Меркель пунктаў на кааліцыйных перамовах, аднак ніхто не мае сумневаў, што менавіта яна ўзначаліць новы кабінет. Не будзем забываць, што днямі часопіс «Forbes» у сёмы раз прызнаў яе самай уплывовай жанчынай у свеце.

— У нямецкай прэсе таксама з’явіліся інсінуацыі пра тое, што новым лідарам сацыял-дэмакратаў можа быць бургамістр Гамбургу Олаф Шольц…

— Не думаю, што Марцін Шульц — цяперашні лідар эсдэкаў — так хутка камусьці саступіць месца. У любым выпадку, хто б ні быў каля партыйнага штурвалу, SPD як вядучая партыя апазіцыі вымушаная арыентавацца налева. Інакш цяжка крытыкаваць новы ўрад, які, відавочна, будзе мець імідж ураду неалібральных рэфарматараў. Усе чатыры партыі-кааліцыянты заклікаюць да зніжэння падаткаў і скарачэння фінансавання публічных службаў. Праўда, пакуль няма гарантый, што SPD будзе здольная перафарматавацца ў сапраўдную апазіцыйную сілу — праз тую ж моцную ўнутраную бюракратыю.

— Ці сачылі простыя немцы за перыпетыямі перамоваў?

— Парадаксальна, аднак найбольшы інтарэс да перамоваў наконт кааліцыі дэманстравалі палітычна неадукаваныя тынейджары. Сярод часткі падлеткаў была папулярная думка наконт таго, што кааліцыя «Ямайка», як толькі пачне працу, адразу абавязкова легалізуе ў ФРГ марыхуану (марыхуана — складнік папулярнай на Ямайцы рэлігіі растафары). Што тычыцца звычайных бюргераў, то тэма кааліцыі іх мала цікавіла. Нямецкая палітычная мадэль традыцыйна дастаткова стабільная.


Каментаваць