Прэм'ер-міністр Чэхіі заклікаў іншыя краіны высылаць дыпламатаў Расіі

Пра гэта піша Свабода.
Прэм'ер-міністр Чэхіі Андрэй Бабіш звярнуўся да кіраўніцтва іншых краін ЕС з заклікам выслаць хаця б па адным расійскім дыпламаце на знак салідарнасці з Чэхіяй у справе выбухаў боепрыпасаў у Вербеціцах.

Пра гэта кіраўнік чэскага ўраду заявіў журналістам на нефармальным саміце прэзідэнтаў і прэм’ераў краін ЕС у Партугаліі.

«Мы заўсёды павінны разумець, што, калі адна дзяржава-член падвяргаецца нападу, гэта фактычна напад на ўсіх [членаў ЕС]. Я папрасіў, каб яны разгледзелі пытанне аб высылцы прнамсі аднаго дыпламата», — сказаў Бабіш.

Паводле словаў чэскага прэм’ера, напярэдадні, у першы дзень саміту ў Порту, лідары краін ЕС абмяркоўвалі пытанне аб выбухах у Вербеціцах у 2014 годзе. Да абмеркавання пытання плануецца вярнуцца на саміце Рады Еўропы, які пройдзе ў канцы траўня.

У пачатку траўня Бабіш абмеркаваў выбухі ў Вербеціцах з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам.

Чэскія спецслужбы лічаць, што супрацоўнікі расейскага ГРУ былі датычныя да выбухаў на складзе боепрыпасаў у вёсцы Вэрбэціцы ў кастрычніку 2014 года. Дыверсійную аперацыю, паводле заявы чэскага МЗС і спецслужбаў, курыравалі супрацоўнікі расійскіх спецслужбаў (ГУ Генштаба РФ і СВР) у амбасадзе РФ у Празе, якія выкарыстоўвалі дыпламатычнае прыкрыццё.

Чэскія ўлады абвясцілі ў вышук двух чалавек, якія ў 2014 годзе заехалі ў краіну па расійскіх пашпартах на імя Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава. Гаворка ідзе пра тых жа людзей, якіх у Вялікабрытаніі падазраюць у атручванні Сяргея і Юліі Скрыпалёў у Солсбэры у 2018 годзе. Сцвярджаецца, што іх сапраўдныя імёны — Анатоль Чапіга і Аляксандр Мішкін. Гэтая аперацыя, паводле дадзеных даследчыка Respekt і Bellingcat, праходзіла пад асабістым кантролем камандзіра вайсковай часткі № 29155 у Маскве генерал-палкоўніка Андрэя Авяр’янава.

Пазней чэскія СМІ напісалі, што ў расследаванні, акрамя меркаваных агентаў ГРУ Анатоля Чапігі і Аляксандра Мішкіна, фігуруе яшчэ адзін расіянін — Мікалай Шапашнікаў, былы расійскі вайсковец, які цяпер, як сцвярджаецца, мае чэскае грамадзянства. У Чэхію ён пераехаў 27 гадоў таму. Сцвярджаецца, што менавіта Шапашнікаў адправіў свайму знаёмаму Бернатыку электронны ліст з указаннем даты, калі агенты ГРУ, якія выдавалі сябе за зброевых інспектараў, прыбудуць у вёску Вербеціцы.

Падчас выбухаў Шапашнікаў таксама знаходзіўся ў Чэхіі, хаця ўжо даўно жыве ў Грэцыі. Вядома, што паліцыя яго дапытвала, аднак іншых падрабязнасцяў пакуль высветліць не ўдалося.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: