Прэзідэнт Чарнагорыі выступіў за аднаўленне аўтакефаліі Чарнагорскай праваслаўнай царквы

Прэзідэнт Чарнагорыі Міла Джуканавіч выступіў за аднаўленне аўтакефаліі Чарнагорскай царквы. Ён сцвярджае, што гэта было б «важным крокам на шляху пераадолення гістарычнай несправядлівасці», перадае «Радыё Свабода».
Міла Джуканавіч, 20 траўня 2018 года

Міла Джуканавіч, 20 траўня 2018 года

У звароце да членаў узначальванай ім Дэмакратычнай партыі сацыялістаў у сваім родным горадзе Нікшыч Джуканавіч сказаў, што ён будзе аддана працаваць для ажыццяўлення гэтай мэты.

Сербская праваслаўная царква (СПЦ), паводле Міла Джуканавіча, у Чарнагорыі «захоўвае інфраструктуру вялікасербскай ідэі». Ён удакладніў, што «СПЦ спрабуе любым спосабам тармазіць еўрапейскія імкненні і еўрапейскія амбіцыі сучаснага чарнагорскага грамадства, жадаючы такім чынам захаваць рэлігійную манаполію ў Чарнагорыі, тармазіць ўвядзенне прававой дзяржавы і карыстацца тым, што ёй не належыць, згодна з прававой сістэмай Чарнагорыі».

У адказ на такую заяву кіраўніка дзяржавы чарнагорскі мітрапаліт СПЦ Амфілохі заявіў, што гэта «першы выпадак, калі дэклараваны атэіст стварае царкву». Згаданы іерарх належыць да так званых «ястрабаў» у рамках сербскай царквы. Ён быў заўзятым паслядоўнікам былога сербскага прэзідэнта Слабадана Мілошавіча і прыхільнікам вялікасербскай ідэі.

У лістападзе мінулага года парламент Чарнагорыі прыняў рэзалюцыю, якою адмяніў рашэнне аб далучэнні да Сербіі, якое было прынятае ў 1918 годзе. Тым рашэннем стогадовай даўнасці была пазбаўленая ўлады чарнагорская дынастыя Пятровіч-Нэгаш і адмененая аўтакефалія Чарнагорскай праваслаўнай царквы.

Аўтакефальную ЧПЦ аднавілі і першага мітрапаліта абралі на народным сходзе ў 1993 годзе, які быў названы саборам. Да гэтага часу ніводная з праваслаўных цэркваў не прызнала чарнагорскай аўтакефаліі, хоць некаторыя грузінскія, балгарскія і ўкраінскія біскупы ўдзельнічалі ў набажэнствах разам з кіраўніком ЧПЦ мітрапалітам Міхаілам.

Пасля аднаўлення аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Украіны ў чарнагорскай і сербскай прэсе было надрукавана нямала матэрыялаў, у якіх адзначалася, што кананічна непрызнаныя Чарнагорская і Македонская цэрквы спадзяюцца на ўрэгуляванне свайго статусу паводле ўкраінскага сцэнару.

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: