Прэзідэнт, які меў мужнасць сысці

Французскі прэзідэнт Шарль дэ Голь, 130-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася ў лістападзе, сярод іншага, увайшоў у гісторыю як палітык, які падаў у адстаўку, калі страціў падтрымку народа.


Цікава, што Шарль дэ Голь сыходзіў у адстаўку двойчы. У студзені 1946 года ён першы раз адмовіўся ад высокай пасады прэм’ер-міністра Францыі. Рашэнне было даволі нечаканым, паколькі на той момант генерал карыстаўся каласальнай папулярнасцю. Шмат у чым дзякуючы яму Францыя, якая ў 1940 годзе стала саюзніцай Гітлера, у выніку вайны аказалася ў клубе пераможцаў, і нават атрымала ў Генеральнай Асамблеі права вета.

Гісторыкі тлумачаць тую адстаўку правалам намераў генерала стварыць у краіне моцную прэзідэнцкую вертыкаль. Увесь спектр французскага палітыкуму, у тым ліку аднапартыйцы прэм’ера, блакаваў рэформу. Зразумеўшы, што яму не дазволяць рэалізаваць свае палітычныя планы, генерал пакінуў офіс кіраўніка ўраду і «эміграваў» на вілу Каламбэ, дзе засеў за мемуары.

Давялося чакаць 12 гадоў, калі Шарля дэ Голя зноў паклікалі на палітычны Алімп. Паколькі грамадства бачыла ў ім адзінага, хто быў здольны вырашыць Алжырскі крызіс, ён атрымаў карт-бланш. У студзені 1959-га генерал стаў прэзідэнтам, атрымаўшы па новай Канстытуцыі шырокія паўнамоцтвы.

Рэсурс даверу да новага гаранта аказаўся досыць трывалым. У 1965 годзе Шарля дэ Голя пераабралі — хоць і з пэўнымі праблемамі, — на другую кадэнцыю. Перажыў генерал і буйны травень 1968 года, калі дзесяцімільённы страйк і пратэсты студэнтаў прымусілі яго бегчы з Парыжу, і нават весці кансультацыі з генераламі аб прыцягненні вайскоўцаў для лакалізацыі «паўстання». Падавалася, гэта ўжо агонія ўлады галістаў.

Тым не менш, прэзідэнт не здаўся. 30 траўня ў сваім выступе на радыё Шарль дэ Голь заявіў, што не пакіне пасады, і прызначыў датэрміновыя выбары ў парламент. Прычым французскі гарант не хаваў, што выбары будуць рэферэндумам па даверы да прэзідэнта. У выніку прэзідэнцкую партыю чакаў трыумф — 73,8% мандатаў дэпутацкага корпусу. Пасля гэтага, падавалася, Шарль дэ Голь мог спакойна займаць Елісейскі палац аж да 1972-га, калі падыдзе да канца яго другі прэзідэнцкі тэрмін.

Аднак пакінуць рэзідэнцыю давялося ўжо ў наступным годзе, пасля таго, як на рэферэндуме 27 красавіка 1969-га праваліўся прэзідэнцкі праект аб дэцэнтралізацыі. У гэты дзень прыкладна а 10 гадзіне вечара параза стала відавочнай, і ўначы прэзідэнт па тэлефоне прадыктаваў службе наступны тэкст: «Я спыняю выкананне абавязкаў прэзідэнта Рэспублікі. Гэтае рашэнне ўступае ў сілу сёння апоўдні».

Фармальнай падставай адстаўкі было абяцанне, якое ён агучыў напярэдадні плебісцыту, — у выпадку, калі прапанаваны законапраект не атрымае падтрымкі, Шарль дэ Голь сыдзе. Акрамя таго, як лічаць гісторыкі, прэзідэнт адчуваў, што яго час закончыўся. Нават некаторыя з яго міністраў агітавалі супраць рэформы.

Аднак з улікам таго, як звычайна ставяцца палітыкі да сваіх абяцанняў, такі матыў адстаўкі Шарля дэ Голя дасюль шмат у каго выклікае сумневы. Сапраўды, ініцыятар правальнага рэферэндуму мог проста ігнараваць незадаволенасць апазіцыі ды спакойна заставацца на пасадзе.

Прыдумана мноства альтэрнатыўных версій учынку генерала. Самая простая — генерал пакрыўдзіўся на суайчыннікаў, для якіх сапраўды столькі зрабіў. Таму ў эмацыйным запале ім і быў прадыктаваны тэкст пра сыход на пенсію.

Натуральна, не абышлося без версіі пра «руку Дзярждэпу». Згаданыя вышэй студэнцкія пратэсты ў траўні 1968-га спрабуюць трактаваць як першую ў гісторыю каляровую моладзевую рэвалюцыю, якую, натуральна, інспіравалі ў Вашынгтоне. Такім чынам падступныя янкі намагаліся адпомсціць Парыжу за выхад са складу NАТО і спробу падарваць Брэтан-Вудскую сістэму. Дэ Голь, калі верыць адэптам гэтай тэорыі, вырашыў сысці, каб выратаваць любімую Францыю ад новага Майдана.

Некаторых прываблівае тэорыя, што генерала шантажавалі яго спецслужбы, якія змагаліся з групоўкамі ветэранаў алжырскай вайны, накшталт OAS. Апошнія з дапамогай тэрору хацелі пакараць прэзідэнта і яго атачэнне за адмову працягваць вайну ў Алжыры. На гэты тэрор улада адказвала таксама тэрорам і гвалтам. Былі ў тым ліку факты распраў без судовых працэдур, што кідала цень на самога генерала і магло быць выкарыстана яго праціўнікамі.

Самую экстравагантную версію можна прачытаць у нямецкай правай прэсе. Там намякаюць, што Шарль дэ Голь пайшоў у адстаўку праз кампраметуючыя яго кантакты з… манархістамі. Маўляў, яго палітычныя апаненты даведаліся пра рандэву прэзідэнта з нашчадкамі дому Бурбонаў, падчас якіх абмяркоўвалі ідэю рэстаўрацыі ў краіне манархіі.

Зрэшты, усе пералічаныя версіі і канструкцыі дасюль з’яўляюцца, хутчэй за ўсё, толькі фантазіямі іх аўтараў. Таму даводзіцца прызнаць, што час ад часу сустракаюцца прэзідэнты з моцным этычным кодэксам, якія адчуваюць адказнасць перад грамадзянамі і не трымаюцца за ўладу ссінелымі пальцамі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: