Прэзідэнт Малдовы сышоў на самаізаляцыю пасля паездкі ў Расію на парад

У многіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў ваенным парадзе, выявілі каронавірус, патлумачыў Ігар Дадон.

Фота РИА «Новости»


Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон пасля паездкі ў Расію на ваенны парад вырашыў самаізалявацца ў сваёй рэзідэнцыі ў Халерканах. Пра гэта ён распавёў у эфіры тэлепраграмы “Прэзідэнт адказвае”, паведамляе korrespondent.net.

"Я вырашыў некаторы час правесці ў ізаляцыі. 48, 72 гадзіны, колькі спатрэбіцца. Пакуль не буду ўдзельнічаць у публічных мерапрыемствах. Але на наступным тыдні паеду ў Окніцу на сустрэчу", — сказаў Дадон.

Па словах малдоўскага кіраўніка, ён двойчы здаў тэст на каронавірус перад паездкай у Маскву. Усе 75 салдат арміі Малдовы, якія таксама ўдзельнічалі ў парадзе, здаровыя.

"Ва ўсёй нашай дэлегацыі адмоўны тэст на каронавірус. Нашы вайскоўцы таксама былі ў Маскве, і ні ў аднаго з іх не выявілі каронавірус, у адрозненне ад іншых краін, не буду ўдакладняць якіх. Напрыклад, у некаторых выпадках з 70–80 салдат каронавірус выявілі ў 40–50. У нас усе салдаты, усе 75, здаровыя, моцныя", — заявіў прэзідэнт Малдовы.

Дадон таксама абверг чуткі, што ў яго асяроддзі ёсць інфікаваныя COVID-19. Ён адзначыў, што за ўвесь час пандэміі быў знойдзены ўсяго адзін выпадак каронавіруса ў прэзідэнтуры і 5–6 выпадкаў — у службе Дзяржаўнай аховы.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: