Прыднястроўе хоча абараніць незалежнасць Малдовы?

Улады непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі арыгінальна пракаментавалі рост кантактаў паміж Кішынёвам і Бухарэстам.

Напрыклад, 1 снежня на парад у Бухарэст выправіўся кантынгент Малдаўскай нацыянальнай арміі. Краіны ўжо аб’ядналі электрасістэмы, пракладзены газаправод з румынскіх Ясаў — гэта альтэрнатыва расійскага газаправода. Ідуць сумесныя пасяджэнні ўрадаў. 

І ўсё гэта адбываецца на фоне чутак пра тое, што да стагоддзя румынскай анексіі Бесарабіі ў 1918 годзе будзе ўзнята пытанне пра вяртанне Малдовы пад кантроль Бухарэста. Называюцца нават канкрэтныя тэрміны: сакавік 2018-га. 

У сувязі з гэтым кіраўнік Прыднястроўя Вадзім Краснасельскі нечакана заўважыў, што ў выпадку рэалізацыі плана інкарпарацыі Малдовы ў склад Румыніі ён гатовы выступіць у ролі кіраўніка не толькі прыднястроўцаў, але і ўсіх малдаван. 

Праўда, з улікам моцнай расійскай прысутнасці ў рэгіёне, ператварэнне Ціраспаля ў цэнтр адраджэння дзяржаўнасці Малдовы пакуль выглядае спрэчна.

Паводле малдаўскай прэсы

Каментаваць