Прыхільнікі апазіцыі ў Армэніі аднавілі акцыі пратэсту

Прыхільнікі руху, які ўзначальвае апазіцыйны лідар Нікол Пашынян, сёння аднавілі акцыі пратэсту пасля таго, як напярэдадні стала вядома, што запланаваныя на сёння перамовы паміж Пашынянам і прадстаўнікамі цяперашняй улады не адбудуцца, паведамляе "Радыё Свабода".
Лідар апазіцыі Нікол Пашынян на чале акцыі пратэсту ў Ерэване 25 красавіка 2018 году

Лідар апазіцыі Нікол Пашынян на чале акцыі пратэсту ў Ерэване 25 красавіка 2018 году

Пашынян заклікаў прыхільнікаў сабрацца на плошчы Рэспублікі ў Ерэване для таго, каб замацаваць перамогу «аксамітнай народнай рэвалюцыі».

Каментуючы распаўсюджаную напярэдадні позна ўвечары заяву выконваючага абавязкі прэм’ер-міністра Карэна Карапецяна пра тое, што ён звярнуўся да прэзідэнта рэспублікі з прапановай правесці кансультацыі, у тым ліку і па пытанні датэрміновых выбараў, Нікол Пашынян заявіў, што правядзенне выбараў, калі в.а. прэм’ер-міністра з’яўляецца прадстаўнік Рэспубліканскай партыі Арменіі (РПА), для іх не толькі не прымальна, але і яны будуць байкатаваць гэтыя выбары, і не пасіўна, а актыўна, блакуючы выбарчыя ўчасткі, каб не дапусціць узнаўлення РПА.

«Я лічу, што наша негвалтоўная „аксамітная“ рэвалюцыя накіравала выразны месідж аб тым, што ў Рэспубліцы Арменія Рэспубліканская партыя не можа больш быць ва ўладзе, то бо Серж Саргсян сышоў, павінны быць пазбаўленыя ўлады таксама рэспубліканцы, каб у нас не было сітуацыі, калі Серж Саргсян з ценю або з закулісся працягвае кіраваць краінай пры дапамозе рэспубліканцаў», — заявіў Пашынян.

 

 

Апазіцыйная партыя «Спадчына» заяўляе, што армяне першапачаткова змагаліся не толькі супраць Сержа Саргсяна, але і супраць цяперашняй улады і сістэмы.

«Мы яшчэ раз пацвярджаем, што як мы былі ля вытокаў руху, так і будзем працягваць удзельнічаць у барацьбе датуль, пакуль улада ня будзе цалкам вернутая народу. Мы заклікаем усіх сяброў партыі і прыхільнікаў працягваць барацьбу і актыўна садзейнічаць акцыям мірнага непадпарадкавання нашых грамадзян для таго, каб давесці пачатую справу да справядлівага завяршэння», — гаворыцца ў заяве партыі «Спадчына».

Пасля амаль двух тыдняў масавых дэманстрацыяў прэм’ер-міністар Арменіі Серж Саргсян сышоў у адстаўку.

Апазіцыя пратэставала супраць прызначэння Саргсяна, які на працягу 10 папярэдніх гадоў займаў пасаду прэзідэнта. Гнеў апазіцыі выклікала тое, што Саргсян, займаючы пасаду прэзідэнта, у 2015 годзе правёў канстытуцыйную рэформу, якая змяніла форму кіравання з паўпрэзідэнцкай рэспублікі на парламенцкую. Гэта азначае, што менавіта Саргсян атрымаў бы ўсю паўнату ўлады, бо менавіта прэм’ер, а не прэзідэнт цяпер лічыцца першай асобай Арменіі.

Тысячы людзей выходзілі на акцыі пратэсту ў Арменіі штодня. Акцыі пратэсту пачаліся з 13 красавіка. Пратэстоўцы блакавалі вуліцы і будынкі, паміж імі і паліцыяй адбываліся сутычкі, былі затрыманыя сотні чалавек. У нядзелю, 22 красавіка, на плошчу Рэспублікі ў Ерэване выйшлі, паводле розных ацэнак, ад 35 да 100 тысяч чалавек. Гэта стала найбуйнейшай акцыяй пратэсту ў найноўшай гісторыі Арменіі. 23 красавіка Серж Саргсян заявіў, што сыходзіць у адстаўку.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: