«Прымусіць пачуць голас жывёлаў!»

Вынікі сакавіцкіх муніцыпальных выбараў у Францыі могуць задаць у Еўропе моду на новы палітычны напрамак — анімалізм, або рух абароны жывёлаў.

Фота www.kipmu.ru

Бегае па вёсцы Аджамка, што ў Кіраваградскай вобласці Украіны, старэнькі, амаль сляпы беспародны сабака Шарык. Бегае Шарык — і не ведае, што ў гэты час ён з’яўляецца галоўным тэрмінатарам рэйтынгу прэзідэнцкай партыі «Слуга народа». Усё таму, што падчас аднаго з нядаўніх палітычных шоу дэпутат ад «Слугі народа» параіў гаспадыні Шарыка прадаць свайго любімага сабаку, каб аплаціць камунальныя рахункі.

Прапанова парламентарыя выклікала бурную рэакцыю грамадства. Прычым, каментатары не абмяжоўваюцца прыколамі накшталт ідэі выстаўляць у будучыні рахункі за камуналку ў сабаках, катах і хамяках. На адрас дэпутата гучаць ледзь не пагрозы і праклёны.




Гісторыя з украінскім Шарыкам у тым ліку наглядна паказвае, якую важную ролю ў жыцці сучаснага чалавека адыгрываюць жывёлы (перш за ўсё хатнія). Гэтая прыхільнасць мае шмат праяваў, але апошнім часам яна пачала адлюстроўвацца і ў палітыцы — для абароны катоў, сабак і іншых прадстаўнікоў фаўны іх аматары пачалі фарміраваць свае партыі.

Анімалізм — так звычайна называюць новую плынь — параўнальна малады ў палітыцы кірунак. Першыя партыі анімалістаў з’явіліся ў Еўропе ў пачатку 1990-х гадоў (Германія). Аднак абсалютная большасць цяперашніх партый анімалістаў у краінах ЕС паўстала прыкладна ў 2003–2014 гадах. У 2014-м быў аформлены агульнаеўрапейскі Інтэрнацыянал анімалістаў — Animal Politics EU.

Чаго хочуць анімалісты? У прынцыпе, іх патрабаванні характэрныя для праграмаў звычайных экалагічных партый. Аднак для эколагаў абарона жывёл — хутчэй, толькі адзін з блокаў іх праграмы.

Што да анімалістаў, то яны цалкам канцэнтруюцца на вырашэнні праблемаў братоў меншых, патрабуючы ў тым ліку павысіць прававы статус жывёлаў, забараніць рабіць на іх медыцынскія тэсты, і нават адмовіцца ад культурных традыцый, звязаных з жорсткім абыходжаннем з жывёламі (напрыклад, карыда або вытворчасць фуа-гра). Ёсць таксама пункт пра спыненне варварскага абыходжання з бяздомнымі сабакамі і катамі. Да радыкальных палажэнняў праграмы можна аднесці ідэю поўнай забароны ў Еўрасаюзе любых відаў палявання, а таксама ўвозу дзікіх жывёлаў і футра.

Доўгі час анімалісты ўспрымаліся палітолагамі як экзотыка. Стаўленне да руху пачало асцярожна змяняцца пасля поспеху нямецкай Партыі абароны жывёлаў на выбарах у Еўрапарламент у 2014 годзе. Яе прадстаўнік атрымаў мандат еўрадэпутата. Услед за Германіяй анімалісты прайшлі ў Еўрапарламент ад Нідэрландаў. Прадстаўленыя яны цяпер і ў нацыянальных парламентах. На сёння больш за ўсё на нацыянальных выбарах збірала партугальская партыя «Людзі — Жывёлы — Прырода» (People-Animals-Nature, PAN) (4,2 працэнта). Велізарнай сенсацыяй стаў поспех французскай Партыі анімалістаў на выбарах Еўрапарламент у мінулым годзе, калі за яе галасавалі каля 490 тысяч выбаршчыкаў.



Сябра Еўрапарламента ад «Людзі — жывёлы — прырода» (PAN) Франсіска Герэра

Магчыма, цяпер мы знаходзімся напярэдадні фенаменальнага прарыву анімалістаў у вялікую палітыку. Гэта можа адбыцца на муніцыпальных выбарах у Францыі ў сакавіку. Яшчэ ўчора лічылася, што галоўны сюжэт выбараў будзе заключацца ў супрацьстаянні партыі прэзідэнта Эмануэля Макрона і цэлага пулу партый апазіцыі.

Аднак прыкладна за два месяцы да галасавання сацыёлагі падкінулі новую інтрыгу. Згодна з вынікамі апытанняў агенцтва l’Ifop, якія былі зроблены па замове фонду Fondation 30 Millions d’Amis, шэсць з дзесяці французаў маюць намер галасаваць за партыю, якая ангажаваная ў абарону жывёлаў. І гэта не ўсё. Да абаронцаў жывёлаў адносіць сябе 78 працэнтаў апытанай моладзі.



Заказчыкі апытання так адрэагавалі на яго вынікі: «Ніколі яшчэ стан жывёлаў не займаў такога важнага месца ў публічных дэбатах. Абарона жывёлаў стала рэальнай сацыяльнай праблемай, што выклікае занепакоенасць большасці французаў, якія, у сваю чаргу, заклікаюць да прыняцця захадаў на гэты конт».

Згаданая арыфметыка рэзка ўзняла цікавасць да Партыі анімалістаў, кандыдаты якой балатуюцца ў 12 муніцыпалітэтах. У шэрагу гарадоў, у тым ліку ў Парыжы, анімалісты блакуюцца з іншымі, як правіла, левымі партыямі. Часцяком іх абяцанні гучаць незвычайна. Напрыклад, у Тулузе кандыдат анімалістаў выступае за тое, каб прыраўняць у правах мігрантаў-нелегалаў і бяздомных жывёлаў, а таксама абяцае «прымусіць палітыкаў пачуць голас жывёлаў».

 Фота parti-animaliste.fr

Тым не менш, здаецца, цяпер анімалістаў сапраўды пачынаюць разглядаць як сур’ёзных канкурэнтаў. Асабліва хвалюе іх праціўнікаў тое, што на сваіх перадвыбарчых афішах абаронцы жывёлаў выяўляюць мілых коцікаў і сабак. У выбаркам ужо напісаная адпаведная скарга. А пра тое, ці сапраўды чымсьці абгрунтаваныя страхі традыцыйных палітыкаў перад выявамі хатніх гадаванцаў, мы даведаемся ў сакавіку.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: