Прыватызаваць Напалеона

5 траўня споўнілася 200 гадоў са дня смерці Напалеона, спадчыну якога намагаліся скарыстаць шматлікія дыктатары. Далей за ўсіх пайшоў, напэўна, Беніта Мусаліні.
Тое, што дыктатары цікавіліся і цікавяцца Напалеонам, цалкам натуральна — з улікам грамадска-палітычнай матрыцы аўтарытарных рэжымаў. Як правіла, у цэнтры ўсіх працэсаў знаходзіцца фігура правадыра. Сам феномен такой мадэлі лідара паўстаў менавіта ў эпоху Напалеона.

Ён жа часткова распрацаваў і правілы функцыянавання такой сістэмы, якія ўключаюць культ кіраўніка дзяржавы (Банапарта, якога яшчэ пры жыцці называлі «самым вялікім чалавекам»), адміністрацыйную вертыкаль, паліцэйскі кантроль, цэнзуру, нагляд за грамадскай дыскусіяй і гэтак далей.

Пры гэтым дыктатары свядома або міжволі дзейнічаюць не толькі ў фарватары напалеонаўскіх запаветаў. Вельмі часта яны намагаюцца выяўляць сябе ледзь не клонамі Банапарта. У якасці прыкладу на памяць адразу прыходзіць лідар Цэнтральнай Афрыканскай Рэспублікі Жан Бакаса, які ў 1976 годзе абвясціў сябе імператарам. Пры гэтым цырыманіял каранацыі Бакаса ў мікраскапічных дэталях капіяваў каранацыю Напалеона.

Зрэшты, абвяшчаючы сябе імператарам, Бакаса, хутчэй за ўсё, задавальняў асабістыя комплексы. Значна больш сістэмна эксплуатавалі напалеонаўскую тэму ў фашысцкай Італіі. Адразу пасля захопу ўлады ў 1922 годзе бясконцыя парушэнні законаў і гвалт над палітычнымі крытыкамі падаваліся ў рэчышчы гегелеўскіх тэзісаў пра Напалеона, які, маўляў, быў вышэйшым за архаічныя нормы і законы, паколькі ім рухаў дух гісторыі.

Па ходзе фарміравання персанальнай дыктатуры Дучэ, яго пратаганісты шмат гаварылі, што Італіі тэрмінова патрэбная фігура калібру Напалеона, якая здольная аб’яднаць вакол сябе ўсю нацыю без падзелу на класы і сацыяльныя групы. Прага Мусаліні да абсалюту ўлады падавалася на прыкладзе Банапарта як нейкі пазітыў. Іншымі словамі, за кошт падобных клішэ фашысты спрабавалі легітымізаваць новы парадак.

Была ў Мусаліні яшчэ адна падстава, каб эксплуатаваць напалеонаўскі міф. Як вядома, Напалеон нарадзіўся на Корсіцы, якую італьянскія нацыяналісты лічаць часткай этнічнай Італіі. Таму Банапарта ахвотна абвяшчалі італьянцам, каб узняць на Апенінах дух нацыяналізму. Даходзіла да таго, што Банапарта нават называлі «італьянцам, які захапіў французскі трон».

Трэба адзначыць, тэорыя пра тое, што Мусаліні — рэінкарнацыя Напалеона, карысталася на той час пэўнай папулярнасцю. Пачатак 1920-х гадоў — гэта перыяд крызісу буржуазных дэмакратый. Той працэс часта параўноўвалі з крызісам феадалізму на мяжы ХVІІІ і ХІХ стагоддзяў. Італьянская фашысцкая альтэрнатыва шмат каму з сучаснікаў нагадвала напалеонаўскі праект.

Так ці інакш, на нейкім этапе здарылася тое, чаго трэба было чакаць: пачаліся спробы ўбачыць у постаці і харызме Мусаліні нешта ад Напалеона. Адна з біяграфій дыктатара, якая была выдадзеная ў 1931 годзе, так і называлася: «Напалеон італьянскай рэвалюцыі». «Мусаліні — гэта экстраардынарны чалавек. Яго рашучасць нагадвае напалеонаўскі геній», — пісаў яе аўтар. На базе такіх высноў нават рабіліся сенсацыйныя заявы, што Напалеон быў першым фашыстам у гісторыі!

Найбольшыя падхалімы нават бачылі ў твары Дучэ фізіялагічнае падабенства з рысамі твару Банапарта. На адной канферэнцыі ў Рыме ў 1927-м адзначалася антрапаметрычнае падабенства абодвух палітыкаў. Сапраўды, Напалеон і Мусаліні былі невялікага росту і схільныя да паўнаты ў грудзях.

Не адставалі ад трэнду і лідаркі жаночай фракцыі партыі фашыстаў. Яны задаваліся пытаннем: чаму ў Банапарта было так шмат каханак? Адказ знайшла нейкая Маргарыта Фаціні ў 1935 годзе. На яе думку, Напалеону быў уласцівы нейкі асаблівы магнетызм, наяўнасць вялікай моцы, што і выклікала цікавасць кабет. Падобным магнетызмам у тыя часы валодаў, натуральна, толькі Беніта Мусаліні.

Пошук асацыяцый паміж Мусаліні і Напалеонам парадаксальным чынам паскорыў крах рэжыму. Паралелі з Банапартам узмацнялі агрэсіўны тон фашысцкай прапаганды, перш за ўсё наконт міжнародных пытанняў. Сама ідэя замежных інтэрвенцый і ўзмацнення глабальнай ролі Італіі разглядалася ў фашысцкай дыскусіі як нешта прыроднае і нармальнае, паколькі ў той жа парадыгме разумеў сутнасць сваёй імперыі Напалеон Банапарт. Гэта ў выніку спрыяла фатальнаму рашэнню Дучэ пра пачатак вайны супраць Эфіопіі, што ў перспектыве, як высветлілася, стала пралогам банкруцтва фашысцкай дзяржавы.

Спроба прыватызаваць Напалеона скончылася для фашыстаў вельмі камічна. Па ходзе таго, як пасля Сталінграда перамога антыгітлераўскай кааліцыі станавілася ўсё больш відавочнай, фашысцкім прапагандыстам сурова забаранілі праводзіць паралелі паміж Дучэ і Напалеонам. Справа ў тым, што Італія як саюзнік Гітлера таксама даслала фарміраванні на Усходні фронт. Правал у вайне супраць СССР нагадваў шмат каму правал кампаніі Напалеона ў 1812 годзе — з усімі трагічнымі наступствамі для яго імперыі. Таму імя Напалеона раптам стала для фашыстаў табу. Зрэшты, падобныя піяр-прыёмы не дапамаглі Мусаліні. Як вядома, партызаны забілі і павесілі дыктатара ўверх нагамі напрыканцы красавіка 1945 года.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: