«Публічнае вырачэнне ад грамадзянства Украіны» плануюць узаконіць у Дзярждуме

Дэпутаты расійскай Дзярждумы прапанавалі ўнесці праўкі ў законапраект аб пазбаўленні ад расійскага грамадзянства асуджаных за тэрарызм, згодна якім грамадзянства РФ можна будзе атрымаць пасля «публічнага вырачэння» ад папярэдняга, паведамляе «Коммерсант».

Кіраўнік камітэта Дзярждумы па заканадаўстве Павел Крашэннікаў распавёў, што размова, перш за ўсё, ідзе аб жыхарах Украіны. Паводле дэпутата, яны вельмі часта не могуць атрымаць даведку аб выхадзе з грамадзянства Украіны.

«Ёсць краіны, у якіх атрымаць такую даведку цяжка, але Украіна наўпрост перастала іх выдаваць,» — сказаў Крашэннікаў.

Субяседнік «Коммерсант» у Дзярждуме распавёў, што ідэя папраўкі з'явілася некалькі дзён таму. Раней планавалася наўпрост змяніць рэгламент МУС, але прадстаўнікі ведамства настойвалі менавіта на праўках у законе.

Змены абмяркуюць 11 ліпеня на паседжанні камітэта.

Нагадаем, што ў красавіку спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін унёс законапраект аб пазбаўленні грамадзянства за тэрарызм. Згодна праўкам, расійскія ўлады будуць не пазбаўляць грамадзянства, але адмяняць рашэнне аб яго прадастаўленні. Такім чынам будзе вырашаная праблема супярэчнасці Канстытуцыі.

Раней упаўнаважаная па правах чалавека у РФ Таццяна Маскалькова выступіла за спрашчэнне працэдуры атрымання расійскага грамадзянства для украінцаў. Яна заявіла, што ў Расіі «вельмі зацікаўленыя ва ўмовах дэмаграфічнай ямы, каб краіна папаўнялася новымі грамадзянамі», дадае ТСН. 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: