Пуцін адмяніў рэжым непрацоўных дзён

Уладзімір Пуцін падчас звароту да расіян абвясціў пра завяршэнне з 12 траўня рэжыму непрацоўных дзён, які быў уведзены для зніжэння распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі.

Фота Ruptly

Перыяд непрацоўных дзён адмяняецца для ўсіх галін эканомікі, сказаў расійскі прэзідэнт.

Уладзімір Пуцін адзначыў, што рэжым непрацоўных дзён працягваўся шэсць тыдняў. Першапачаткова непрацоўнымі з захаваннем заробкаў былі абвешчаныя дні з 30 сакавіка па 5 красавіка. Затым гэты рэжым быў падоўжаны да 30 красавіка і да 11 траўня.

«Гэтая экстраардынарная мера дазволіла затармазіць, запаволіць распаўсюджванне эпідэміі», — сказаў Уладзімір Пуцін. Па яго словах, гэта дало магчымасць сфарміраваць запас неабходнага медыцынскага абсталявання і падрыхтавацца да таго, каб аказваць дапамогу людзям з цяжкімі ўскладненнямі.

«З 12 траўня адзіны непрацоўны перыяд для ўсёй эканомікі завяршаецца, але не завяршаецца барацьба з эпідэміяй. Нельга дапусціць зрыву, адкату назад. Трэба дзейнічаць тонка», — сказаў расійскі кіраўнік.

Рэжым павышанай гатоўнасці захоўваецца для людзей, старэйшых за 65 гадоў, і людзей з хранічнымі захворваннямі: «Родныя мае, разумею, як вам нялёгка ўвесь час быць дома, часта ў расстанні са сваімі дзецьмі, унукамі. Але цяпер трэба яшчэ пацярпець!»

Як, у якой паслядоўнасці змякчаць або захоўваць абмежаванні (а можа быць, і дапаўняць), будуць вырашаць кіраўнікі рэгіёнаў. Рашэнні павінны быць дэталёва пралічаныя, адзначыў Пуцін: «Небяспечна забягаць наперад, але і сядзець склаўшы рукі нельга. Трэба прайсці паміж Сцылай і Харыбдай».

 

Што Пуцін казаў пра дапамогу грамадзянам і бізнесу

Дадатковыя выплаты работнікам сацыяльных устаноў на працягу трох месяцаў — да 60 тысяч расійскіх рублёў. Па 5 тысяч рублёў на працягу трох месяцаў — сем'ям з дзецьмі да трох гадоў, аднаразовая дапамога па 10 тысяч рублёў на дзіця з 3 да 15 гадоў. Дапамогу па доглядзе за дзецьмі паабяцана павялічыць у два разы — да 6 750 расійскіх рублёў. Крэдытная праграма падтрымкі занятасці ў пацярпелых галінах — адзін мінімальны памер аплаты працы (МРОТ) на аднаго супрацоўніка на месяц пад 2% гадавых. Індывідуальным прадпрымальнікам, малому і сярэдняму бізнесу ў пацярпелых галінах — спісаць усе падаткі і страхавыя плацяжы, акрамя ПДВ. ІП з пацярпелых галін — падатковае вылічэнне ў памеры аднаго МРОТ для страхавых унёскаў у 2020 годзе. Самазанятым — вернуць падатак на даход, выплачаны ў 2019 годзе, і дадуць адзін МРОТ «падатковага капіталу» для выплат падаткаў за 2020 год.

Паводле meduza.io


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: