Пуцін, Аліеў і Пашыньян падпісалі заяву аб спыненні вайны ў Карабаху. У Ерэване выбухнулі пратэсты

Прэм’ер-міністар Арменіі Нікол Пашыньян, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і лідар Азербайджану Ільхам Аліеў падпісалі заяву аб спыненні вайны ў Нагорным Карабаху, паведамляе Свабода.

Пра заяву аб спыненні вайны ў Нагорным Карабаху сказаў прэзідэнт Расіі Пуцін: «9 лістапада прэзідэнтам Азербайджанскай Рэспублікі Ільхамам Аліевым, прэм'ер-міністрам Рэспублікі Арменія Ніколам Пашыньянам і прэзідэнтам Расійскай федэрацыі падпісаная заява, у якой абвяшчаецца аб поўным спыненні агню і ўсіх ваенных дзеянняў у зоне нагорна-карабаскага канфлікту з 00 гадзін 00 хвілін паводле маскоўскага часу 10 лістапада 2020 года. Азербайджанская рэспубліка і Рэспубліка Арменія спыняюцца на займаных імі пазіцыях.

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітры Пяскоў паведаміў, што дэталі гэтай заявы з’явяцца неўзабаве.

Раней паведамленне пра гэта кіраўнік армянскага ўраду размясціў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

«Я падпісаў заяву з прэзідэнтамі Расіі і Азербайджану аб спыненні карабахскай вайны ў 01:00 (00:00 мінскага часу). Тэкст ужо апублікаванай заявы невыказна балючы для мяне асабіста і для нашага народу. Я прыняў гэтае рашэнне ў выніку глыбокага аналізу ваеннай сітуацыі і ацэнкі людзей, якія лепш за ўсё яе ведаюць», — адзначыў ён, дадаўшы, што «прыняў вельмі і вельмі цяжкае рашэнне».

Паводле Пашыньяна, «гэты крок заснаваны на перакананні, што гэта найлепшае магчымае рашэнне ў сітуацыі, якая склалася».

«Пра ўсё гэта я падрабязна раскажу ў найбліжэйшыя дні. Гэта не перамога, але і паразы не будзе, пакуль вы не прызнаеце сябе пераможанымі. Мы ніколі не прызнаем сябе пераможанымі, і гэта павінна стаць пачаткам нашай эры нацыянальнага яднання і адраджэння», — зазначыў ён.

 

Пратэсты ў Ерэване

Тым часам у Ерэване пачалася акцыя пратэсту. Незадаволеныя рашэннем прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна ў пытанні Карабаху грамадзяне сабраліся ля будынку ўраду краіны ў цэнтры Ерэвану. Пазней дэманстранты ўварваліся ў будынак ураду.

Як паведамляе карэспандэнт «Інтэрфаксу», некалькі дзясяткаў чалавек грамяць у будынку дзверы, вокны, сарвалі шыльду з асабістага кабінета Пашыньяна.

«Дзе Нікол, дзе гэты здраднік?» — крычаць дэманстранты. Гучаць абразы і патрабаванні неадкладнай адстаўкі.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: