Пуцін прызначыў новага кіраўніка ўпраўлення АП, якое працуе па Беларусі

Новым начальнікам упраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Расіі па міжрэгіянальных і культурных сувязях з замежнымі краінамі стаў Ігар Маслаў. Такое рашэнне прыняў Пуцін. Указ падпісаны 2 сакавіка і апублікаваны на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі РФ.

Ігар Маслаў


Да новага прызначэння афіцэр Службы замежнай выведкі РФ Ігар Маслаў з’яўляўся намеснікам начальніка ўправы і курыраваў Малдову і Прыднястроўе, адзначае REFORM.by.

Паводле дадзеных цэнтра «Дасье», Маслаў родам з Ленінграда. Раней пад прыкрыццём дыпламата ён працаваў у краінах Еўропы, і яго начальнікам быў Уладзімір Венеўцаў, які даслужыўся да генерала СВР. Разам з Малдовай Маслаў курыраваў некалькіх агентаў уплыву ва Украіне, Беларусі і Прыбалтыцы.

Ад Маслава дакладныя запіскі траплялі на стол генералу Чарнову, а той адпраўляў дакументы ў штаб-кватэру СВР і намесніку кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрыю Козаку, у сферу адказнасці якога ўключаны ўзаемаадносіны з краінамі СНД і Еўразійскага эканамічнага саюза.

Упраўленне па міжрэгіянальных і культурных сувязях з замежнымі краінамі — адно з падраздзяленняў Адміністрацыі прэзідэнта РФ, якое адыгрывае ключавую ролю ў фарміраванні пазіцыі і палітыкі Масквы ў дачыненні да былых савецкіх рэспублік.

Структура адміністрацыі расійскага прэзідэнта больш вядомая ў СМІ як «упраўленне Чарнова» дзякуючы зліву перапіскі Сакратарыята і шэрагу супрацоўнікаў упраўлення. У адным са злітых у прэсу дакументаў з «архіва Чарнова» гаварылася, што Крэмль для захавання ўплыву ў Беларусі планаваў стварыць сетку палітычных лідараў, структур, рэсурсную базу і інфармацыйную сетку, якія будуць выступаць супраць Лукашэнкі, але арыентавацца на Расію.

Сам Уладзімір Чарноў быў адпраўлены ў адстаўку ў пачатку лютага 2021 года.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: