«Пуцін, Трамп, Ле Пэн?!! Не!». Парыжане маніфестуюць супраць Ле Пэн

Некалькі сотняў чалавек сабраліся на плошчы Рэспублікі ў Парыжы ўвечары 24 красавіка, каб выказаць сваё незадавальненне поспехам Марын Ле Пэн у першым туры прэзідэнцкіх выбараў.

Фота: AFP / Lionel BONAVENTURE

Мітынгоўцы заклікалі мабілізавацца ў другім туры і галасаваць супраць Ле Пэн.

«Сёння больш няма гарантыі, што Нацыянальны фронт не можа ўчыніць шкоды дэмакратыі, і агучаныя лічбы галасавання вельмі хвалююць», — тлумачыць AFP Дамінік Сапо, галава асацыяцыі SOS Racisme.

У натоўпе на плакатах можна прачытаць надпісы: «Не нянавісці, не Нацыянальнаму фронту», «Пуцін, Трамп, Ле Пэн?!! Не!».

«Для нас гэта быццам ужо нармальная зʼява — Марын Ле Пэн у другім туры. Трэба прачынацца, рэспубліканцам трэба мабілізавацца», — тлумачыць свой удзел у акцыі Сесіль Гілье, 40-гадовая жанчына.

Да маніфестацыі далучыліся шматлікія асацыяцыі, студэнцкія суполкі, грамадскія і палітычныя рухі.

«Патрэбна добра тлумачыць гэтую розніцу ў выбары паміж двума кандыдатамі, — распавядае Дамінік Сапо. Галоўнай матывацыяй аддаць голас за Ле Пэн зʼяўляецца іміграцыйнае пытанне, а гэта азначае прыняцце расізму, антысемітызму ў Францыі».

belsat.eu


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: