Расія. Апазіцыя хоча прапанаваць свае папраўкі ў Канстытуцыю

Вядучая расійская апазіцыйная партыя «Яблоко» і яе лідар Мікалай Рыбакоў вырашылі перахапіць ва ўлады ініцыятыву наконт паправак у Канстытуцыю, якія афішаваў Пуцін у сваім звароце да парламента.

Як вядома, гэтыя папраўкі павінна прыняць вышэйшая палата, але іх змест спачатку трэба зацвердзіць праз шырокія грамадскія дэбаты.

Прыняць удзел у абмеркаваннях ды вылучыць уласныя прапановы і вырашыла «Яблоко». Гэтыя прапановы ўключаюць, напрыклад, прамыя выбары ў Савет Федэрацыі, незалежнасць Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, замацаванне права на мітынгі, свабоду слова, незалежныя СМІ, прамыя выбары губернатараў, падзел уладаў і гэтак далей.

Іншыя антыпуцінскія сілы слаба вераць у поспех ідэі, таму гатовыя ў асноўным падтрымаць «Яблоко» ў яго патрабаванні правядзення плебісцыту наконт новай рэдакцыі Асноўнага закона, на які будуць вынесеныя некалькі варыянтаў паправак. Нарэшце, некаторыя (напрыклад, вядомы ліберал Ілля Яшын) збіраюцца вывесці людзей на мітынг супраць «антыканстытуцыйнага перавароту і змяненняў Канстытуцыі».

Мяркуючы па ўсім, апазіцыя не ведае, як сістэмна рэагаваць на праект рэформы. З аднаго боку, аўтарам Канстытуцыі з’яўляецца іх кумір Барыс Ельцын. З іншага — замацаваныя ў Асноўным законе велізарныя паўнамоцтвы прэзідэнта дазволілі Пуціну пабудаваць аўтарытарную вертыкаль улады. Галоўнай інтрыгай рэформы з’яўляюцца будучыя функцыі і паўнамоцтвы такога непрыкметнага раней органа, як Дзяржсавет, які Пуцін можа ўзначаліць пасля сыходу з пасады кіраўніка Расіі ў 2024-м.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: