Расія. Дадзіна прыстрашылі пазовам на мільён рублёў

Федэральная служба выканання пакаранняў (ФСВП) можа падаць супраць Ільдара Дадзіна, які паскардзіўся на катаванні, пазоў аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды. Пра гэта распавёў намеснік кіраўніка ФСВП Валерый Максіменка.
Фота: ТАСС, Анатоль Шастакоў

Фота: ТАСС, Анатоль Шастакоў




Ведамства, па словах Максіменка, панесла выдаткі на «выклік медкамісій, перамяшчэнне  яго [Дадзіна] ў Петразаводск і назад, медыцынскія абследаванні — усё гэта ацэньваецца ад паўмільёна да мільёна рублёў». Зараз ва ФСВП падлічваюць дакладную суму шкоды, пасля чаго будзе прынята рашэнне пра падачу пазову.

Максіменка таксама заўважыў, што пасля скаргаў Дадзіна ФСВП стварыла працоўную групу для хуткага рэагавання на заявы аб гвалце ў месцах зняволення. У яе ўвойдуць супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі ведамства. Намеснік кіраўніка ФСВП заўважыў, што пасля заяваў пра збіццё «адны факты пацвярджаюцца, іншыя — не, як у выпадку з асуджаным Дадзіным».

Ільдар Дадзін, асуджаны за неаднаразовы выхад на несанкцыянаваныя акцыі, паскардзіўся на збіццё ў карэльскай калоніі. Нагадаем, пра катаванні ў Сегежскай папраўчай калоніі №7 (ВК-7) у рэспубліцы Карэлія Дадзін распавёў у лісце да сваёй жонкі. Ліст 31 кастрычніка запісаў яго адвакат Аляксей Ліпцэр.
Чытайце таксама:

«Збівалі па 10–12 чалавек адначасова, нагамі»


Яго словы пра катаванні ў ВК-7 пацвердзілі іншыя зняволеныя, а таксама тыя, хто раней адбываў пакаранне ў калоніі.

Пасля скаргаў Дадзіна ФСВП, СК і праваабаронцы пачалі праверкі ў калоніі. Ведамства не знайшлі ніякіх парушэнняў у выпадках прымянення сілы да Дадзіна. Намеснік кіраўніка ведамства Валерый Максіменка назваў тады Дадзіна «вельмі таленавітым імітатарам».

Праваабаронцы, у сваю чаргу, распавялі, што ім не дазволілі азнаёміцца з усімі дакументамі, а відэазапісы патрэбнага перыяду ў калоніі адсутнічалі. Праваабарончы цэнтр "Мемарыял" прызнаў Ільдар Дадзіна палітвязнем. Абарона актывіста падала скаргу ў Еўрапейскі суд па правах чалавека.

Ільдар Дадзін стаў першым у Расіі асуджаным па артыкуле 212.1 КК РФ (неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзенні сходу, мітынгу). Па законе, прынятым Дзярждумай, парушэнне лічыцца неаднаразовым, калі грамадзянін прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці больш за два разы на працягу 180 дзён за тыя ці іншыя парушэнні падчас мітынгаў і іншых масавых мерапрыемстваў. У 2014 годзе Дадзіна чатыры разы затрымлівалі і каралі штрафамі за ўдзел у няўзгодненых з уладамі акцыях.

Прысуд — тры гады калоніі агульнага рэжыму — быў вынесены актывісту ў снежні 2015 года, у сакавіку 2016 года Масгарсуд змякчыў пакаранне да 2,5 гадоў.

Зараз Дадзіна этапуюць у калонію ў іншым рэгіёне. Мяркуецца, што ён будзе адбываць пакаранне ў Кіраўскай вобласці.

Паводле Інтэрфакс, meduza.io

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: