Расія. Даеш могілкавы турызм!

Дэпутаты камітэта Саратаўскай абласной думы па спорце, турызме і справах моладзі зрабілі свой унёсак у праект федэральнага закона аб замацаванні ў заканадаўстве вызначэння паняцця сельскага турызму.

 

Могілкі Пер-Лашэз у Парыжы 

У прыватнасці, яны прапанавалі развіваць могілкавы турызм. Аргумент наступны: паходы на могілкі садзейнічаюць любові да радзімы. Акрамя таго, некаторыя могілкі сапраўды цікавыя для турыстаў.

У нечым дэпутаты маюць рацыю. Апошнім часам у свеце шмат экзатычных формаў турызму. Напрыклад, на Поўначы Расіі квітнее алкатурызм, калі скандынавы едуць у Піцер за таннай гарэлкай.

Ёсць цікавасць і да могілак. Могілкі Пер-Лашэз у Парыжы даўно з’яўляюцца месцам паломніцтва турыстаў, якія хочуць убачыць магілы Джыма Морысана, Эдыт Піяф, Нестара Махно і іншых славутасцяў.

Аднак саратаўскія могілкі не сталі апошнім прыстанкам такіх вядомых персон, таму ініцыятыва выклікала кпіны і жартоўныя прапановы паглыбіць і развіць ідэю. Напрыклад, прапануецца вадзіць турыстычныя экскурсіі не толькі па могілках, але па моргах і будоўлях, па сметніках і ямах. А калі хто не захоча ісці ў такія туры — саджаць іх на два гады за абразу пачуццяў тых, хто верыць у расійскі турызм.

Паводле расійскай прэсы


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!