Расія дазволіла беларускім турыстам транзіт для вяртання на радзіму

Урад Расіі дазволіў грамадзянам Беларусі прылятаць з трэціх краін у свае аэрапорты і затым вяртацца ў Беларусь — як праз паветраныя, так і іншыя пункты пропуску. Памежнай службе РФ прадпісана забяспечыць пропуск нашых грамадзян праз дзяржаўную мяжу Расіі. Адпаведны дакумент апублікавала пасольства Беларусі ў Індыі на сваёй старонцы ў Facebook.

Як паведамляе пасольства, 20 сакавіка ўрадам Расіі прынята дадатковае распараджэнне РФ № 685-р, якім грамадзянам СНД, у тым ліку Беларусь, дазволена прыбываць праз паветраныя пункты пропуску і накіроўвацца ў Беларусь як праз паветраныя, так і іншыя пункты пропуску.

Росспажыўнадзору загадана забяспечыць ажыццяўленне санітарна-каранціннага кантролю пры знаходжанні гэтых людзей на тэрыторыі Расіі.

Расійскі амбасадар Дзмітрый Мезенцаў таксама паведаміў сёння журналістам, што беларусам, якія маюць квіткі на самалёты расійскіх авіякампаній, перашкаджаць у пасадцы на борт не будуць.

— У сувязі з выданнем адпаведнага распараджэння ўрада Расійскай Федэрацыі ніякіх праблем у грамадзян Беларусі, якія маюць на руках квіткі на вылет бартамі расійскіх авіяперавозчыкаў, быць не павінна, — сказаў Мезенцаў.

Паводле яго слоў, сёння кіраўнік Федэральнага агенцтва паветранага транспарту РФ Аляксандр Нерадзько пацвердзіў кіраўніку расійскай дыпмісіі ў Беларусі, што «усе ўказанні ў мэтах выканання ўрадавага распараджэння авіяцыйным кампаніям Расійскай Федэрацыі дадзены, перашкод на пасадку на борт паветраных судоў у грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца на адпачынку ў трэціх краінах, быць не павінна».

Паводле слоў дыпламата, пасольства Расіі ў Беларусі знаходзіцца ў цесным кантакце з МУС рэспублікі, а таксама з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, які «зрабіў вельмі шмат для таго, каб аказвалі максімальную ўвагу грамадзянам, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі».

Напярэдадні ў інтэрв'ю ТАСС Мезенцаў распавёў, што ўсе заяўкі беларускага нацыянальнага перавозчыка «Белавія» на выкананне нерэгулярных рэйсаў у аэрапорты Масквы будуць падтрыманы расійскім бокам, пры гэтым беларусы, якія прыбылі ў сталіцу РФ з трэціх краін, змогуць аператыўна вярнуцца ў Менск.

Нагадаем, напярэдадні, наведваючы завод «Адані», Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў дзеянні расійскага боку. Ён прывёў у прыклад нашых турыстаў у Тайландзе, якіх не пусцілі на борт расійскага самалёта, і выказаў надзею, што гэта «звычайная бязглуздіца» і Расія акажа садзейнічанне ў вяртанні нашых турыстаў.

Нагадаем, з-за закрыцця межаў многімі дзяржавамі, у тым ліку і Расіяй, тысячы беларускіх турыстаў не могуць вярнуцца на радзіму. 20 сакавіка больш за сто беларускіх турыстаў, якія затрымаліся ў аэрапорце Унукава, вярнуліся дадому. Каб трапіць з Расіі ў Беларусь, некаторым з іх прыйшлося больш двух сутак правесці ў дарозе. Праблема ў тым, што з Унукава не было магчымасці паляцець у Мінск. Каб дапамагчы ім, з Беларусі за імі лётаў самалёт «Белавія».

Але шмат хто яшчэ не можа пакінуць Тайланд, Індыю, Канарскія выспы і іншыя краіны. Па дадзеных Мінспорту і турызму, на сёння за мяжой знаходзяцца каля 3,5 тысячы беларускіх арганізаваных турыстаў, якія хочуць трапіць на радзіму.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: