Расія — гэта Аргенціна?

Чэмпіянат свету па футболе, што стартаваў на гэтым тыдні ў Расіі, параўноўваюць з турнірам 1978 года ў Аргенціне, дзе на той час панавала вайсковая дыктатура. Ці маюць пад сабою глебу такія паралелі?

Пераможцы 1978 года ў Аргенціне. Фота з сайта talksport.com

Падабенства, напэўна, найперш выклікана вялікай палітызацыяй абодвух турніраў. І ў расійскім выпадку, і ў аргенцінскім, Кубак свету — важны інструмент для вырашэння шэрагу палітычных задач. Пуціну, відавочна, трэба за кошт футбольных трансляцый пазбавіць Расію іміджу краіны-ізгоя.

Прыкладна такая ж задача стаяла і перад генералам Хорхе Відэлай, які ў сакавіку 1976-га зрынуў прэзідэнта Ісабель дэ Перон (дарэчы, першую ў свеце прэзідэнта-жанчыну). Хунта адразу ўхапілася за тэму чэмпіянату. Не толькі таму, што статус футболу ў аргенцінскай масавай культуры цяжка пераацаніць. Па сутнасці, Мундыяль быў для генералаў унікальным і, магчыма, адзіным шанцам кансалідаваць грамадства, шматлікія сегменты якога працягвалі ў тым ліку і вайсковы супраціў путчыстам. Спадзяваліся ў Відэлы і на знешнепалітычныя рэпутацыйныя бонусы. Сам факт добрай арганізацыі і правядзення турніру павінен быў засведчыць, што рэжым больш-менш стабілізаваў сітуацыю пасля перавароту.

Праўда, у адрозненне ад Пуціна, аргенцінскім вайскоўцам было больш цяжка зрабіць патрэбную «карцінку». Пачаць можна з таго, што зрынутая вайскоўцамі прэзідэнтка Ісабель дэ Перон была настолькі заўзятай папулісцкай, што нават лагатып чэмпіянату замовіла ў выглядзе свайго фірменнага жэсту — салют натоўпу дзвюма рукамі. Лога, што было зацверджана яшчэ ў 1974-м, безумоўна, утрымлівала небяспечны для дыктатуры сімвалічны складнік. Натуральна, генералы паспрабавалі яго змяніць, аднак аказалася позна — ва ўсім свеце актыўна ішоў гандаль сувенірамі з зацверджаным Ісабель дэ Перон лагатыпам. Давялося заплюшчыць вочы на небяспечную сімволіку.

Ісабель дэ Перон

Як і сёння Пуціну, аргенцінскія вайскоўцы ў 1978 годзе сутыкнуліся з пагрозай магчымага пераносу месца правядзення турніру праз парушэнні правоў чалавека. Прыкладна за год да старту высветлілася, што канцлагер для дысідэнтаў знаходзіцца ледзь не побач са стадыёнам, на якім будуць гуляць фінальны матч. Нідэрланды, чыя зборная была сярод фаварытаў чэмпіянату, афіцыйна дапусцілі магчымасць байкоту спаборніцтваў. Аднак, як і ў выпадку з Расіяй, у 1978 годзе вырашыць праблему дапамагло кіраўніцтва FIFA. Відэла асабіста наведаў офіс арганізацыі, каб паабяцаць, што ніякіх палітычных скандалаў падчас турніру не будзе.

Як вынік, паўстала пытанне ізаляцыі апазіцыі ад кантактаў з замежнымі рэпарцёрамі падчас чэмпіянату. Вырашалі яго часам вельмі арыгінальна. Адну з самых вялікіх праблемаў для хунты на той час уяўляў феномен «Маці з плошчы Мая» (Madres de Plaza de Mayo) — грамадскага руху аргенцінскіх маці, чые дзеці зніклі падчас хапуноў. Яны збіраліся на плошчы Мая кожны чацвер, маўкліва дэманструючы пратэст супраць рэпрэсій. Каб іншаземцы не сталі сведкамі падобных флэшмобаў, у Відэлы прыдумалі незвычайны фокус. Кожны чацвер падчас турніру на плошчу заганялі вялікі натоўп школьнікаў, каб у іх масе было цяжка выявіць групу пратэстуючых жанчын.

Палохаліся генералы і палітычных дэмаршаў з боку спартоўцаў. На той час яшчэ не забылася Алімпіяда ў Мехіка ў 1968-м, калі чарнаскурыя афраамерыканцы, стоячы на п’едэстале, узнялі ўверх кулакі — жэст актывістаў радыкальнай антыўрадовай арганізацыі «Чорныя пантэры». У Аргенціне абышлося без падобных выхадак. Магчыма, таму, што шэраг футбалістаў (напрыклад, легендарны нідэрландскі футбаліст Ёохан Круіф) у знак пратэсту вырашылі ігнараваць Кубак свету–1978. Праўда, гульцы зборнай Нідэрландаў падчас цырымоніі ўзнагароджання ўсё ж адмовіліся паціскаць рукі прысутнаму прадстаўніку вайсковай адміністрацыі.

Хаця пэўных асацыяцый паміж Аргенцінай–1978 і Расіяй–2018 хапае, ёсць і прынцыповая розніца. Зборная Расія так кепска гуляе ў футбол, што ў яе перамогу практычна ніхто не верыць. У Аргенціне была іншая сітуацыя. Генералы разумелі, што правал зборнай ударыць па іх рэпутацыі. Таму камандай займаўся асабіста Відэла. Ніводны футбаліст не мог патрапіць у склад без яго прамога ўхвалення. Праз гэта ў камандзе не з’явіўся вельмі перспектыўны Марадона, які на той час не меў дастатковага вопыту гульні за зборную.

Падключыў Відэла і матэрыяльны рэсурс. Па ходзе турніру сітуацыя склалася такім чынам, што гаспадарам для выхаду ў наступны этап патрэбная была перамога над Перу з лікам 6:0. Менавіта так матч і завяршыўся. Хутка пайшлі чуткі, што перуанскаму ўраду далі хабар памерам у 50 мільёнаў долараў, каб той патлумачыў гульцам зборнай, як трэба гуляць. Нягледзячы на абуральныя прыкметы карупцыі, FIFA рашуча адмовілася праводзіць якое б там ні было расследаванне.

Так ці інакш, у выніку Аргенціна прабілася ў фінал, дзе ў фантастычным матчы перамагла Нідэрланды. Гэта быў трыумф — таксама і для генералаў. Агульнанацыянальная эйфарыя дазволіла на нейкі час сапраўды дэпалітызаваць грамадства. «Вайна скончылася! Як толькі прагучаў фінальны свісток, Аргенціна ператварылася ў краіну міру», — сцвярджала праўладная газета «Para Ti». Напэўна, падобнага выніку чакаюць ад чэмпіянату і ў Крамлі.

Аднак Пуціну не трэба забываць, што поспех у 1978-м аказаўся для аргенцінскай хунты толькі адтэрміноўкай яе скону. На хвалі куражу ад вынікаў Мундыялю генералы пайшлі на фатальную авантуру — вайсковую інтэрвенцыю на падкантрольныя Брытаніі Мальвінскія астравы. Гэта скончылася прайгранай вайной з Англіяй і крахам дыктатуры. Сам Відэла атрымаў пажыццёвы тэрмін за злачынствы супраць чалавецтва.

Якія будуць палітычныя наступствы Мундыялю для пуцінскай Расіі — адна з самых вялікіх інтрыг гэтага турніру.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць