Расія: канец эры дыназаўраў

Сёлетнія выбары прэзідэнта Расіі былі апошнім званком для цэлай генерацыі палітыкаў. Хто прыйдзе на змену Жырыноўскаму, Зюганаву, Яўлінскаму і, магчыма, нават Пуціну?

Фота www.job-in-net.ru

«Метэарыт, што праляцеў над палітычнымі дыназаўрамі», — такой фразай апісала сэнс выбараў 18 сакавіка адно з расійскіх СМІ. Сапраўды, сыходзіць эра тых, хто прыйшоў у палітыку ў 1990-я гады. Жырыноўскаму — 71 год, Яўлінскаму — 65, Зюганаву — 73. Салідны ўзрост наўрад ці дазволіць ім праз шэсць гадоў зноў балатавацца ў прэзідэнты. Затое самы час задумацца наконт пераемнікаў.

Напэўна, самая цяжкая сітуацыя ў ЛДПР, якая на 99,99 працэнтаў будуецца на харызме Уладзіміра Жырыноўскага. Праўда, сам Жырыноўскі на гэты конт спакойны. «Калі мяне няма, гэта значыць Міхаіл Дзегцяроў, Аляксандр Курдзюмаў, Барыс Чарнышоў, Аляксей Дзідзенка, Яраслаў Нілаў, Васіль Уласаў», — цытуе прэса словы Жырыноўскага. Усе пералічаныя ім асобы з’яўляюцца дзеючымі дэпутатамі Дзярждумы. Дарэчы, сярод дэпутацкай групы ліберал-дэмакратаў і віцэ-спікер парламента ад ЛДПР, сын Жырыноўскага Ігар Лебедзеў, якога таксама не варта скідаць з рахункаў.

Хаця кандыдатаў на пасаду старшыні ЛДПР шмат, ніводны не мае таленту клоўна, які ўласцівы Уладзіміру Вольфавічу. У выніку будучыня партыі вельмі цьмяная. Можа таму сам Жырыноўскі раней прапаноўваў цалкам распусціць усе існуючыя партыі і перайсці на амерыканскую мадэль, калі за ўладу будзе змагацца ўмоўна кансерватыўна-нацыяналістычная і сацыял-ліберальная структуры.

Яшчэ больш складаная сітуацыя назіраецца сярод камуністаў. КПРФ, атрымаўшы самы нізкі вынік у гісторыі, выходзіць з выбарчай кампаніі моцна расколатай знутры. Частка камуністаў, нагадаем, адмовілася падтрымліваць афіцыйнага кандыдата, бізнесмена Паўла Грудзініна. Зюганаў праводзіў нейкую незразумелую гульню, кулуарна выступаючы за пасіўны фармат правядзення кампаніі Грудзініна. Аб’ектыўна правальныя вынікі кандыдата КПРФ ствараюць сітуацыю, калі ўнутраныя групоўкі атрымліваюць аргументы для крытыкі — прычым, не толькі Грудзініна, але і нязменнага Зюганава. Усё гэта пагражае рэальным расколам структуры.

Прычым, стымуляваць дэструктыўныя тэндэнцыі ў КПРФ дакладна будуць і звонку. Напрыклад, лідар партыі «Справядлівая Расія» Сяргей Міронаў паведаміў пра неабходнасць аб’яднання «левых прапрэзідэнцкіх сіл», куды павінны ўвайсці камуністы, расчараваныя ў сваім кіраўніцтве.

А вось на ліберальным флангу пытанне пра будучага лідара, здавалася б, стаяць не павінна. Відавочны прэтэндэнт — харызматычны і энергічны Аляксей Навальны. Аднак ёсць цэлы шэраг праблем, якія перашкаджаюць яму заняць пасаду лідара. Па-першае, Навальны ўшчэнт перасварыўся з паплечнікамі. Усе межы ён перайшоў 18 сакавіка падчас праграмы «Навальный Live». Па ходзе трансляцыі ён абвінаваціў прысутную ў эфіры Сабчак у тым, што ёй далі грошай для таго, каб яна выставіла сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах. Гэты некарэктны дэмарш аднагалосна асуджаюць усе дэмакраты.

Па-другое, пад сумневам знаходзіцца стратэгія стаўкі на моладзь, якую праводзіў Навальны. Як паказвае сацыялогія, цяперашняя расійская моладзь някепска ўпісана ў спажывецкую мадэль, не фармулюе лозунгаў змены сістэмы. Радыкальныя погляды, як ні дзіўна, хутчэй уласцівыя жыхарам расійскай глыбінкі, дзе шмат побытавых і эканамічных праблем. Аднак рэцэпт рэформаў ад правінцыялаў прадугледжвае не дэмакратызацыю, а, хутчэй, рэстаўрацыю нейкага падабенства СССР.

Магчыма, пасаду спікера дэмакратаў будзе паступова займаць Сабчак. Вылучаная ад партыі «Грамадзянская ініцыятыва», яна набрала амаль 2 працэнты, моцна апярэдзіўшы іншага кандыдата ад апазіцыі Рыгора Яўлінскага з партыі «Яблоко». Гэта сапраўдны поспех, аднак у яго ёсць і адваротны бок. Сабчак падчас кампаніі ўмудрылася пабіць усе рэкорды антырэйтынгаў. Яе ў якасці палітыка ненавідзяць усе — уключаючы ліберальную публіку, і нават яе фанатаў. Для даведкі: Ксенія Анатольеўна набрала мільён з чвэрцю галасоў. Гэта амаль у чатыры разы менш, чым колькасць яе падпісчыкаў у Інстаграм.

Палітолагі кажуць, што асноўная прычына павальнай нелюбові да Сабчак — яе дэманстратыўны снабізм. Усё гэта дазволіла сфармуляваць нават новую аксіёму расійскай палітыкі: больш за «піндосаў» і «бандэраўцаў» расійскі народ ненавідзіць толькі «мажораў». Нездарма некаторыя лібералы кажуць, што Сабчак са сваім іміджам свецкай ільвіцы і тусоўшчыцы дыскрэдытуе дэмакратычную павестку дня.

Ну і, натуральна, галоўнае пытанне: хто будзе пераемнікам ВВП? Наконт гэтага дыскусія пакуль усур’ёз не пачыналася. Дарэчы, палітолаг Сяргей Бялкоўскі лічыць, што гэтым пераемнікам можа стаць… Сабчак. Хаця нельга таксама выключыць, што Пуцін застанецца ў Крамлі і далей, зноў падкарэктаваўшы Канстытуцыю.

Як бачым, пакуль будучы палітычны ландшафт у Расіі вельмі непрадказальны. Ёсць яшчэ адзін важны момант. Як слушна адзначыў палітолаг Канстанцін Косцін, «новыя асобы, новыя кандыдаты, якія ўдзельнічалі ў гэтых выбарах — гэта не альтэрнатыва. Сабчак — не альтэрнатыва Яўлінскаму. Грудзінін — не альтэрнатыва Зюганаву. Сурайкін — не альтэрнатыва Жырыноўскаму». Усе новыя палітыкі сфармаваліся ў часы пуцінскай кіраванай дэмакратыі, калі палітычная канкурэнцыя мела пастановачны, а часам штучны характар. Таму ёсць рэальная пагроза падзення якасці палітычнага прадстаўніцтва ў Расіі, што адаб’ецца на легітымнасці і стабільнасці рэжыму.

У любым выпадку, ва ўсіх партый ёсць каля двух-трох гадоў на пошук новых лідараў і іх раскрутку. У 2021-м у Расіі адбудзецца думская кампанія, якая абяцае шмат сюрпрызаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-04-04 17:49:35
"Гэты некарэктны дэмарш аднагалосна асуджаюць усе дэмакраты". - Ага, і "ўсё прагрэсіўнае чалавечаства" :) На месцы аўтара я б выказваўся больш асцярожна, вось і пра Сабчак: "Яе ў якасці палітыка ненавідзяць усе"... А тут жа: "Ксенія Анатольеўна набрала мільён з чвэрцю галасоў". Дык не так мала набрала!
"...палітолаг Сяргей Бялкоўскі" - не ведаю такога. Можа, Станіслаў, каторы летась у Мінск прыязджаў?