Расія. Спадарожнік не выйшаў на сувязь

Запушчаны сёння, 28 лістапада, з расійскага касмадрома «Усходні» спадарожнік не выйшаў на сувязь.

Гідраметэаралагічны спадарожнік "Метэор-М" №2-1, запушчаны з касмадрома “Усходні” з дапамогай ракеты-носьбіта "Саюз-2.1б" у аўторак раніцай, не выйшаў на мэтавую арбіту, заявілі ў Раскосмасе.

"Падчас першага планавага сеансу сувязі з касмічным апаратам не ўдалося ўстанавіць сувязь праз адсутнасць яго на мэтавай арбіце. У цяперашні час вядзецца аналіз інфармацыі", —паведамілі ў карпарацыі.

Аддзяленне спадарожніка "Метэор-М" было запланавана на 09:42 па маскоўскім часе, пасля чаго апарат павінен быў пачаць перадаваць тэлеметрыю.

Па словах крыніцы Інтэрфакса ў ракетна-касмічнай галіне, на этапе палёту разгоннага блока "Фрэгат" магла адбыцца няштатная сітуацыя.

"Маглі ўзнікнуць праблемы на этапе выдачы аднаго з двух імпульсаў маршавай рухальнай устаноўкай. Пры найбольш спрыяльным сцэнары нявыдачы другога імпульсу апарат мог быць выведзены на неразліковую арбіту", — заявіў суразмоўца агенцтва. А вось калі не было першага імпульсу — не выключана падзенне спадарожніка ў акіян.

Галаўная частка ракеты-носьбіта, уключаючы разгонны блок "Фрэгат", аддзялілася ад трэцяй прыступкі ў 08:51 па маскоўскім часе. Першым на арбіту павінен быў выйсці "Метэор-М", а ўслед за ім яшчэ 18 малых спадарожнікаў.

Як паведамляў Раскосмас, большасць малых спадарожнікаў былі запушчаныя ў інтарэсах замежных заказчыкаў, у тым ліку з Нарвегіі, Швецыі, ЗША і Японіі. Заказчыкам запуску "Метэор-М" №2-1 выступаюць Мінабароны Расіі і Расгідрамет.

Нагадаем, ракета "Саюз-2.1б" са спадарожнікам дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі "Метэор-М" №2-1 стартавала з касмадрома “Усходні” ў аўторак, 28 лістпада, у 08:41 па маскоўскім часе. Гэты запуск стаў першым для ракеты-носьбіта мадыфікацыі 1б і другім для самога касмадрома.

У Раскосмасе запуск назвалі паспяховым, а віцэ-прэм'ер Дзмітрый Рагозін, які знаходзіўся на касмадроме, павіншаваў пускавы разлік: "Цяпер у гэты момант хачу проста падзякаваць вам за добрую, сумленную працу. Дзякуй вам вялікі за тое, што сёння вы падарылі ўсёй нашай краіне свята. Дзякуй і ўдачы вам! Слава Расіі!" — сказаў ён.

Першы запуск з касмадрома “Усходні” быў ажыццёўлены 28 красавіка 2016 года ракетай-носьбітам "Саюз-2" мадыфікацыі 1а. Тады тры спадарожнікі ўдалося адправіць у космас толькі з другой спробы. Першая, прызначаная на 27 красавіка, была адмененая ў апошні момант з-за праблем з кабелем. Тады Уладзімір Пуцін, які прысутнічаў пры спробе запуску, абвясціў вымовы віцэ-прэм'еру Дзмітрыю Рагозіну і кіраўніку Раскосмаса Ігару Камарову, а таксама папярэдзіў аб няпоўнай службовай адпаведнасці Леаніда Шалімава — гендырэктара прадпрыемства, якое вырабіла няспраўны кабель. Шалімаў праз некалькі дзён падаў у адстаўку.

Паводле ВВС


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: