Расія: Сталіца новай Карэі — Уладзівасток?

Расійскія патрыёты раскрылі новую змову. У шэрагу іх выданняў з’явіліся публікацыі пра тое, што Захад запусціў працэс аб’яднання Карэі з доўгатэрміновай падступнай мэтай.

У працэсе аб'яднання Карэі Захад плануе далучыць да будучай аб’яднанай карэйскай дзяржавы расійскае Прымор’е або ўвогуле стварыць тут асобную дзяржаву карэйцаў, перакананыя некаторыя расійскія аналітыкі. 

Раскрыць падкопы ворага дапамагла выстава «Па слядах Бахайскага царства», якая прайшла нядаўна ва Уладзівастоку. Экспазіцыя была прысвечана дзяржаве Бахай, якая існавала тысячу гадоў таму на Далёкім Усходзе. 

Між тым, як высветлілі патрыёты, у апошні час паўднёвакарэйскія навукоўцы пачалі актыўна даказваць, што тая дзяржава была ўтворана продкамі цяперашніх карэйцаў. 

Пазл канчаткова склаўся, калі стала вядома пра хуткае будаўніцтва аўтабана з Расіі ў КНДР. На думку патрыётаў, рыхтуецца глеба да новай хвалі карэйскай працоўнай міграцыі, якая дасць падставы для сепаратызму. 

Не выключаюць таксама, што ў Вашынгтоне задумалі стварыць на Далёкім Усходзе асобную карэйскую дзяржаву. На думку аўтараў публікацый, з’яўленне на мапе свету Прыморскай Карэі актыўна падтрымае мясцовы бізнес, які даўно пераарыентаваўся з Масквы на азіяцкія цэнтры.

Паводле расійскай прэсы


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!