Расія. Школьніка абвінавацілі ў экстрэмізме і забралі ў ФСБ з урока

На пермскага школьніка распачалі крымінальную справу аб экстрэмізме. ФСБ забрала яго проста з урока.



Федэральная служба бяспекі Расіі завяла крымінальную справу наконт публічных заклікаў да экстрэмізму супраць 16-гадовага школьніка з горада Нытва ў Пермскім краі, паведамляе meduza.io.

Паводле Пермскага рэгіянальнага праваабарончага цэнтра, справу завялі за пасты ў сацсетках.

Аператыўнікі ў кастрычніку прыязджалі ў школу, дзе вучыцца юнак, і забралі яго з урокаў на апытанне. Як адзначае «Перископ», дзеля гэтага падлетка вазілі з пасёлка Уральскі ва ўпраўленне ФСБ у Перм. Затым з маладога чалавека ўзялі падпіску аб нявыездзе.

Паводле інфармацыі «Эха Перми», аператыўнікі ФСБ прыязджалі ў школу двойчы і праводзілі гутаркі са школьнікам і настаўнікамі. Крымінальная справа, як паведамляецца, распачата па ч. 2 артыкула 280 КК РФ, яна прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

«Хлопца забралі са школы проста з уроку. Гэта было ў кастрычніку. У выніку яго апыталі ў будынку ўпраўлення ведамства і адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе», — удакладнілі ў праваабарончым цэнтры.

Падставай для распачынання крымінальнай справы, паводле інфармацыі праваабаронцаў, стаў пост школьніка ў сацсетцы пра тое, што «цэрквы трэба спальваць». Адзначаецца, што юнак належыць да паганскай субкультуры.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: