Расія вылучыла Беларусі квоты на вылаў рыбы ў 2021 годзе. Хто гэтым будзе займацца?

Расія вылучыла Беларусі квоты на вылаў рыбы ў 2021 годзе ў Баранцавым і Балтыйскім морах, паведаміў Мінсельгасхарч Беларусі.
«Рэспубліцы Беларусь вылучаныя квоты здабычы водных біялагічных рэсурсаў у выключнай эканамічнай зоне Расейскай Федэрацыі на 2021 год» — праінфармавалі ў ведамстве.

Там адзначылі, што квоты вылучаныя з улікам гістарычнай здабычы, што ажыццяўляецца Беларуссю ў папярэднія перыяды.

Згодна з рашэннем, у 2021 годзе Беларусь можа вылавіць у Баранцавым моры 5021 тону траскі і 1805 тон пікшы. У Балтыйскім моры беларускі бок можа вылавіць 100 тон траскі, 800 тон шпрот (кількі) і 100 тон селядца Балтыйскай (салакі).

Квоты на здабычу і вылаў выдзяляюцца штогод, прымае рашэнне сесія расійска-беларускай змяшанай камісіі дзвюх краін. У 2020 годзе квота на вылаў рыбы для Беларусі ў Баранцавым моры склала 5835 тон, у Балтыйскім — 1 тыс. тон. Мінск асвойвае квоту цалкам і быў зацікаўлены ў яе павелічэнні да 9 тысяч тон. Аднак не дамогся жаданага.

Экспэрты ацанілі, што за 2005-2019 гады Беларусь атрымала квоты на 75 тысяч тон рыбы ў расейскіх акваторыях, іх ацэначны сярэдні рынкавы кошт перавысіў 200 млн даляраў.

Лоўляй рыбы займаецца «Саюзрыба», заснаваная кампаніяй «Санта Брэмар» Берасцейскага бізнэсоўца Аляксандра Машэнскага і расейскай «Фаратэкс». Ва ўласнасці «Саюзрыбы» знаходзіцца адно судна.

Вылаўленая рыба паступае на прадпрыемствы «Санта Брэмар», дзе вядзецца перапрацоўка прадукцыі. Нялішнім будзе нагадаць, што ў 2013 годзе кампанія Машэнскага купіла за 52 млн даляраў рыбаперапрацоўчы завод «Рускае мора» ў Нагінску.

Зрэшты, частка ўлову можа экспартавацца ў ЕС, пісаў Forbes. Справа ў тым, што існуе праблема ўліку аб'ёмаў вылаву афіцыйнай прамысловай статыстыкай. Раней фіксаваліся выпадкі перагрузкі вылаўленай рыбы на судны замежных дзяржаў у Баранцавым моры без адлюстравання ў справаздачнасці.


Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: