Расія прызнаная вінаватай у незаконнай масавай дэпартацыі грузінаў ў 2006 годзе

Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу задаволіў скаргу Грузіі на масавую дэпартацыю яе грамадзян з Расіі ў 2006 годзе. Суд задаволіў ключавыя пазіцыі скаргі.



У пастанове суда гаворыцца пра скаардынаваную палітыку Расіі па высылцы грузінаў восенню 2006 года.
 
 
Як сказана ў пастанове, Масква парушыла цэлы шэраг палажэнняў Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека, у прыватнасці, забарону на выкарыстанне катаванняў і на бесчалавечнае абыходжанне, забарону на масавую высылку замежнікаў, парушыла права на асабістую недатыкальнасць. Згодна з пастановай ЕСПЧ, пацярпелыя грамадзяне Грузіі ўтрымліваліся пад вартай без законных падстаў і былі пазбаўлены права на судовае разбіральніцтва.
 
 
Пры гэтым суд адмовіў у скарзе на парушэнні парадку высылкі і права на недатыкальнасць прыватнага і сямейнага жыцця, а таксама права на ўласнасць. Менавіта на гэтыя адмовы звяртаюць увагу ў Мінюсце Расіі. Пра рашэнне паводле ключавых пытанняў скаргі ў паведамленні ведамства не гаворыцца.
 
 
У Грузіі лічаць масавую высылку сваіх грамадзян з РФ рэакцыяй на арышт у Тбілісі чатырох расійцаў, якія падазраваліся ў шпіянажы. Паводле звестак ў выніку судовых пастаноў быў высланы з краіны 2681 грамадзянін Грузіі, а яшчэ больш за тысячу вымусілі пакінуць Расію без суда. Вядомыя факты смерці людзей у спецразмеркавальніку, дзе яны чакалі дэпартацыі.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: