Расійскага апазіцыйнага палітыка затрымалі зноў пасля трэцяга арышту

Расійскі апазіцыйны палітык Ілля Яшын, якога не зарэгістравалі кандыдатам на выбарах у Маскоўскую гарадзкую думу, зноў затрыманы на выхадзе з спэцпрыёмніка ў Маскве, дзе ён адбываў ужо трэці адміністрацыйны арышт, піша Радыё Свабода.
Ілля Яшын

Ілля Яшын

Відэа затрымання ён размясціў на сваёй старонцы ў Твітэры.


На відэа супрацоўнік паліцыі кажа, што Яшына затрымалі «за заклікі да няўзгодненых акцыяў 18 і 19 ліпеня» — відавочна, маюцца на ўвазе сходы на Трубнай плошчы ў Маскве ў падтрымку незалежных кандыдатаў у Маскоўскую гарадзкую думу. У адрозненне ад акцый пратэсту 27 ліпеня і 3 жніўня, іх не разганяла паліцыя.

За апошні месяц Яшына ўжо тройчы адпраўлялі пад адміністрацыйны арышт паводле розных абвінавачваньняў, звязаных з няўзгодненымі масавымі акцыямі ў Маскве. Пад арыштам ён знаходзіцца з 29 ліпеня.

Раней такім жа чынам пасля адбыцця арышту адразу ж затрымалі і адправілі пад новы арышт незарэгістраваных кандыдатаў Канстанціна Янкаўскаса і Юлію Галяміну.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!