Расійская Дзярждума ўвяла крымінальную адказнасць за парушэнне каранціну

Паводле паправак у законы, прынятых Дзярждумай, у Расіі за парушэнне рэжыму каранціну могуць пагражаць да сямі гадоў пазбаўлення волі і штрафы да 1 мільёна расійскіх рублёў. Таксама ўведзена адказнасць за фэйкі аб каронавірусе.
Дэпутаты расійскай Дзярждумы прагаласавалі за папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных парушэннях, а таксама ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, якія робяць больш жорсткімі адміністрацыйныя пакаранні за парушэнне рэжыму каранціну ва ўмовах пандэміі каронавіруса SARS-CoV-2 і ўводзяць крымінальную адказнасць. Змены ў заканадаўстве, прынятыя ў аўторак, 31 сакавіка, прадугледжваюць штрафы ў памеры ад 500 тысяч да 1 мільёна расійскіх рублёў, дыскваліфікацыю або пазбаўленне волі ад 3 да 7 гадоў.

Самае строгае пакаранне распаўсюджваецца на выпадкі, калі парушэнне пацягнула за сабой смерць двух або больш асоб, менш строгія — калі яно прывяло да смерці па неасцярожнасці аднаго чалавека ці стварыла пагрозу масавага захворвання людзей.

Акрамя таго, за публічны распаўсюд ілжывай інфармацыі пра каронавірус уводзяцца штрафы ад 300 тысяч да 400 тысяч рублёў, калі недакладныя звесткі стварылі перашкоды для аб'ектаў жыццезабеспячэння, транспарту, банкаў, а таксама аб'ектаў энергетыкі, прамысловасці і сувязі. Крымінальная адказнасць за распаўсюд фэйкаў аб каронавірусе, у залежнасці ад цяжару наступстваў, прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў і штрафы ад 300 000 да 2 мільёнаў рублёў.

dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: