«Раскольнікі» кіеўскага патрыярхату

Трэба добра разумець: украінцам пакуль зарана радавацца. Томас ўсё яшчэ не прадстаўлены, а само афармленне аўтакефаліі — працэс, які моцна расцягнуты ў часе.

У мінулую нядзелю па кіеўскім Крашчаціку прайшоў марш у памяць аб Украінскай Паўстанцкай Арміі (УПА). Пазней на тэрыторыі Кіева-Пячэрскай Лаўры паліцыя затрымала 122 чалавекі. Па словах праваахоўнікаў, мужчыны спартыўнай знешнасці рознага ўзросту з раніцы засяродзіліся каля манастыра, перашкаджаючы вернікам праходзіць да Успенскага сабору. Традыцыйна Лаўра — самая буйная царква Маскоўскага патрыярхату ва Украіне, аплот рускага праваслаўя ў Кіеве, а таму радыкалы ішлі ў правільным (для сябе) кірунку.

Cама ідэя, што ва Украіне можа быць створаная асобная, 16-я ў свеце праваслаўная памесная царква, незалежная ад рускай праваслаўнай, узбурыла ўсіх украінцаў і выклікала вясной 2018 года глыбокае ўзрушэнне Масквы. Пачаліся размовы пра парушэнні «кананічнага парадку», смуце, разбурэнні асноў усяго праваслаўнага свету. У красавіку 2018-га Пётр Парашэнка звярнуўся да Канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея і заклікаў яго выдаць Томас — царкоўны указ — узаконьванне з'яўлення новай аб'яднанай Украінскай праваслаўнай царквы пад кіраўніцтвам Кіеўскага патрыярхату (УПЦ).

11 кастрычніка 2018 года Сінод Сусветнага патрыярхату ў Стамбуле прыняў шэраг ключавых рашэнняў па «ўкраінскім пытанні». Афіцыйна апублікаваны спіс утрымліваў пяць асноўных пунктаў:
— пацвярджэнне рашэння Сусветнага Патрыярхату даць аўтакефалію Украіне;
— аднаўленне Стаўрапігіі Сусветнага Патрыярхату ў Кіеве (вывядзенне ўкраінскай царквы з епархіяльнага падпарадкавання пад кіраванне Канстанцінопаля);
— адмена Сінадальнага ліста 1686 года, якім Кіеўская кафедра была дэ-факта перададзена пад кіраўніцтва Масквы;
— прызнанне кананічнасці Філарэта (КПК КП) і Макарыя (прадстаяцель украінскай аўтакефальнай царквы), з вяртаннем ім ранейшых чыноў, званняў, рэгалій, поўным аднаўленнем ва ўсіх правах;
— заклік да ўсіх бакоў устрымацца ад захопу царкоўнай маёмасці, актаў адплаты і гэтак далей.

Па сутнасці, былі падрыхтаваныя юрыдычныя падставы (з пункту гледжання захавання царкоўных канонаў), каб Украіна магла атрымаць Томас аб аўтакефаліі. Па-першае (і гэта самае важнае), было фактычна анулявана перападпарадкаванне Кіеўскай кафедры Маскве, што здарылася трыста з лішнім гадоў таму.
Сур’ёзна канкуруючая з Канстанцінопалем за першынства ў праваслаўным свеце, у тым ліку і па колькасці сваіх прыхільнікаў, Маскоўская царква ў найбліжэйшай будучыні апынецца абяскроўленай гэтым рашэннем. У прыватнасці шматлікія ўкраінскія парафіі пяройдуць у поўнае падпарадкаванне да Кіеўскага патрыярхату. Па-другое, стварэнне Кіеўскага патрыярхату (КП) больш не лічыцца актам расколу. Адпаведна ва Украіне больш не існуе некананічных цэркваў. Каля мільёна ўкраінскіх праваслаўных, чые хрышчэнні, вянчанні і споведзі лічыліся «несапраўднымі», зараз могуць быць спакойныя. Філарэт, кіраўнік КП, цалкам вярнуў страчаныя раней пазіцыі.

Але трэба добра разумець: украінцам пакуль зарана радавацца. Томас ўсё яшчэ не прадстаўлены, а само афармленне аўтакефаліі — працэс, які моцна расцягнуты ў часе. І тое, што Парашэнка назваў у сваім твітары «...Украіна атрымала Томас», — хутчэй, пазначэнне самой такой магчымасці.

Прадстаўнік Кіеўскага патрыярхату Яўстрацій Зора апісаў працэс атрымання Томаса як шматступенны. Каб на чарговым пасяджэнні сінода Сусветнага патрыярхату ў лістападзе 2018 года быў прыняты Томас аб аўтакефаліі як дакумент, ва Украіне да гэтага часу павінен адбыцца надзвычайны аб’яднаўчы сабор. Гэты сабор павінен прыняць рашэнне аб царкоўным адзінстве і абраць прадстаяцеля адзінай памеснай аўтакефальнай Украінскай Праваслаўнай Царквы. Чакаецца, што ў аб’яднаўчым саборы возьмуць удзел тыя архірэі, якія раней звярнуліся да Усяленскага патрыярха Варфаламея з просьбай аб Томасе. Гэта архірэі кіеўскага патрыярхату, Украінскай аўтакефальнай царквы, а таксама каля 10 архірэяў Маскоўскага патрыярхату.

Максімальна пралангаваны працэс здабыцця Томаса на руку і кіеўскім уладам, і духавенству новай памеснай Украінскай праваслаўнай царквы, — нягледзячы на ўсе іх папярэднія заявы пра неабходнасць паскорыць працэс. Плануецца, што 12064 дзеючых зарэгістраваных рэлігійных суполак цяперашняй Украінскай праваслаўнай царквы маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) будуць паглынацца паэтапна, — напрацягу пяці-шасці гадоў — Украінскай праваслаўнай царквой Кіеўскага патрыярхату (яна сёння мае 4807 рэлігійных суполак), а таксама аўтакефальнай праваслаўнай царквой (1048 суполак), пакуль УПЦ МП не будзе вымушана стаць выключна філіялам рускай праваслаўнай царквы ва Украіне. Гэтая працэдура забяспечыць адток з Маскоўскага патрыярхату ў Кіеўскі да 2/3 святароў і бязбольную перадачу культавых збудаванняў. Такіх, як Кіева-Пячэрская Лаўра, Сафіёўскі сабор, Крыжаўзвіжанскі храм, Царква Мікалая Цудатворца, Свята-Пакроўскі храм, Свята-Увядзенскі манастыр.

«Я гарантую, што дзяржава абароніць — не трэба іх палохаць — правы тых святароў і вернікаў УПЦ Маскоўскага патрыярхату, якія добраахвотна прымуць рашэнне выйсці з-пад Масквы, каб разам з іншымі праваслаўнымі ствараць адзіную памесную праваслаўную ўкраінскую царкву», — адзначыў Парашэнка.
І кіеўскі патрыярх Філарэт, і міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў, паабяцалі: гвалтоўнага захопу царкоўнай маёмасці або прымусовага «ўцаркаўлення» грамадзян у аб'яднаную аўтакефальную царкву не будзе. Больш за тое, Парашэнка заклікаў «паважаць выбар тых, хто вырашыць застацца ў той царкоўнай структуры, якая захавае адзінства з Рускай праваслаўнай царквой».

Тым не менш, трэба разумець: самі будынкі цэркваў ва Украіне паўсюдна належаць дзяржаве. Такім чынам паслядоўнікі Маскоўскага патрыярхату ў любы момант могуць застацца «без даху над галавой», — калі новая аб'яднаная памесная царква выкажа маёмасныя прэтэнзіі ў дачыненні, скажам, Лаўры, рэзідэнцыі кіраўніка Маскоўскага патрыярхату ў Кіеве.

Нечаканую ролю ў супрацьстаянні Маскоўскага патрыярхату і новай аб'яднанай памеснай праваслаўнай царквы ва Украіне можа адыграць Беларусь. Пасля аднаўлення стаўрапігіі Сусветнага патрыярха ў Кіеве з’явіліся фармальныя перадумовы для яе выхаду з-пад падпарадкавання Маскоўскаму патрыярхату.

Украінскі журналіст Андрэй Палівода так каментуе магчымую ролю Беларусі ў эскалацыі канфлікту: «У XVII стагоддзі Рэч Паспалітая і Кіеўская мітраполія ўключалі ў сябе цяперашнія тэрыторыі Беларусі практычна цалкам. А сама Кіеўская мітраполія ў старых межах складае толькі 1/3 ад цяперашняй тэрыторыі Украіны без шэрагу дыяцэзій: Адэскай, Херсонскай, Мікалаеўскай, Крымскай, Харкаўскай, Данецкай. То бок, беларускія вернікі, самі таго не падазраючы, як бы аказваюцца ў падпарадкаванні кіеўскага патрыярхату. Працягваючы лічыць Маскоўскі патрыярхат галоўным, яны, па сутнасці, аказваюцца раскольнікамі для аб'яднанай памеснай украінскай праваслаўнай царквы».

Журналіст лічыць, што Беларускі Экзархат, які ўключае 11 епархій і 1582 рэлігійныя суполкі, можа, у канчатковым выніку, апынуцца значнай рэлігійнай сілай.

Прэзідэнт Украіны параўнаў стварэнне адзінай памеснай царквы з Актам абвяшчэння незалежнасці Украіны. Адпаведна, сам працэс атрымання Томаса, афармлення аўтакефаліі сёння ва Украіне набыў не толькі рэлігійнае, але і вызначальнае палітычнае значэнне. Прычым як для Украіны, так і для Расіі з Беларуссю.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-10-16 09:40:44
"Cама ідэя, што ва Украіне можа быць створаная асобная, 16-я ў свеце праваслаўная памесная царква, незалежная ад рускай праваслаўнай, узбурыла ўсіх украінцаў і выклікала вясной 2018 года глыбокае ўзрушэнне Масквы"

5 лят таму была ідэя рухацца ў Еўропу

"Але трэба добра разумець: украінцам пакуль зарана радавацца. Томас ўсё яшчэ не прадстаўлены, а само афармленне аўтакефаліі — працэс, які моцна расцягнуты ў часе"

Хто пра Томас, а я пра ЕэС. Пару дзён паскакалі на майдане і дзе тая Еўропа?

"Тым не менш, трэба разумець: самі будынкі цэркваў ва Украіне паўсюдна належаць дзяржаве. Такім чынам паслядоўнікі Маскоўскага патрыярхату ў любы момант могуць застацца «без даху над галавой»..."

Дык ці стаў ЕэС дахам для Ненькі?

"Журналіст лічыць, што Беларускі Экзархат, які ўключае 11 епархій і 1582 рэлігійныя суполкі, можа, у канчатковым выніку, апынуцца значнай рэлігійнай сілай"

Падтсракальнік. Разбярыцеся з ЕэСам, каб ён замест палітычных слаў тэхналёгіі для эканомікі
  • Канстанцін
  • 2018-10-16 10:09:46
Лічу, што ўсё гэта - палітычныя гульні! І асабліва шкада, што ў гэтыя гульні уцягнутая Царква! Але як бы там ні было, не трэба забывацца, што Бог не можа быць абражаны!
  • Anatol Starkou
  • 2018-10-16 11:20:11
Пакуль што ясна, што заходнія сучасныя палітычныя тэхналёгіі, якія разбураюць наша грамадства і нашы дзяржавы (СССР і Ўкраіна), Захаду пастаўляць прасцей і зручней, чым сучасныя тэхналёгіі для стварэння моцных эканомік постсавецкіх краін. Майдан 2013-14 і маючае адбыцца ўтварэнне ўкраінскай аўтакефаліі таму пацверджанне.
  • фцф
  • 2018-10-16 21:53:06
А чаго дзівіцца? 300 год назад Украіна з-пад рукі старэйшага брата-ляха шчамілася ў Масковію (і цягнулася тое ледзь не 100 год), а цяпер, шчэміцца назад, пад еўрапейскае крыло. І праз гадоў праз 40-50 гэта здарыцца. Ківач гісторыі працуе дакладна і бездакорна.
  • А.б
  • 2018-10-17 22:34:32
Люблю разглядаць крыжы. На зьмешчаным тут фота крыж бога Неба , ен адрозневаецца ад крыжа каталицкага и візаннтыйскага-гэта бацька двух апошніх крыжоў, за што і паважаю хахлоў. Дарэчы у слове "хахол" ніякай абразы няма , бо у перакладзе са старажытна-цюрскага гучыць узьнёсла-"сын Неба"

Каментаваць