«Разаб'ём галаву аб стальную сцяну»: Сі Цзіньпін перасцярог Захад ад «ганарыстых павучанняў»

Стагоддзе КПК у Кітаі святкуецца з размахам. У гэты дзень стагоддзя КПК Сі Цзіньпін надзеў шэры фрэнч, такі ж, як у Маа Цзэдуна на партрэце, які вісіць на плошчы Цяньаньмэнь, паведамляе ВВС.

Старшыня КНР Сі Цзіньпін у прамове з нагоды стагоддзя кіруючай Камуністычнай партыі заявіў, што Кітай не прыгнятае іншыя краіны, і прыгразіў «разбіць галаву ў кроў аб стальную сцяну» тым, хто ўмешваецца ў яго ўнутраныя справы.

Словы кітайскага кіраўніка прагучалі на фоне заходняй крытыкі палітыкі Кітая ў Сіньцзяне, якую ў Вашынгтоне называюць генацыдам, і ў Ганконгу, дзе з мінулага лета ў жыхароў фактычна адабралі большасць свабод, якімі яны раней карысталіся.

Канфрантацыя паміж Кітаем і ЗША абвастраецца і з-за Тайваня, які Пекін лічыць мяцежнай правінцыяй. Амерыканскі закон абавязвае Вашынгтон аказаць Тайбэю ваенную дапамогу, калі Кітай паспрабуе ўсталяваць кантроль над Тайванем гвалтам.

Сі Цзіньпін у чацвер, 1 ліпеня, заявіў, што Кітай захоўвае «непахісную прыхільнасць» да ўз'яднання з Тайванем. «Ніхто не павінен недаацэньваць рашучасць, волю і здольнасць кітайскага народа абараніць свой суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць», — падкрэсліў Сі Цзіньпін.

Выступ генеральнага сакратара суправаджаўся бурнымі апладысментамі 70 тысяч спецыяльна адабраных гледачоў на плошчы Цяньаньмэнь у Пекіне.

Стагоддзе КПК у Кітаі святкуецца з размахам. У Пекіне з гэтай нагоды адбыўся таксама пралёт баявых самалётаў Народна-вызваленчай арміі Кітая.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: