Рэха аднаго рабавання

Сорак пяць гадоў таму выбухнуў Уотэргейцкі скандал — падзея, якая кардынальна змяніла палітычную культуру, і прычым не толькі ў ЗША.

Фота www.tempting.pro

Імпічмент — бадай адно з самых папулярных слоў, якія гучаць сёння на Капіталійскіх узвышшах. Ідэя адхілення ад улады дзеючага прэзідэнта Дональда Трампа зноў набыла надзвычайную актуальнасць. Усё праз публікацыю так званага «рапарта» пракурора Мюлера, які вывучаў магчымыя кантакты Трампа з Пуціным падчас выбараў 2016-га. У выніку нічога асаблівага на гэтую тэму Мюлер не накапаў. Затое выцягнуў на белы свет тузін неадназначных учынкаў прэзідэнта ЗША, якія дэмакраты тлумачаць як парушэнне выбарчага працэсу. Гэтага, маўляў, цалкам хапае для адстаўкі. Пры гэтым дэмакратаў нават не стрымлівае той факт, што рэспубліканцы, маючы большасць у сенаце, лёгка заблакуюць замах на ўладу кіраўніка краіны.

Энтузіязм дэмакратаў наконт імпічменту Трампу, напэўна, часткова можна растлумачыць тым, што набліжаецца гадавіна Уотэргейта — адзінага за гісторыю ЗША выпадку, які прымусіў прэзідэнта сысці з пасады. Здарылася гэта ў жніўні 1974 года, аднак менавіта ў лютым Кангрэс прыняў пастанову аб запуску працэсу адстаўкі.

Першапачаткова ўсё выглядала як нешта несур’ёзнае. Улетку 1972-га, за чатыры месяцы да выбараў прэзідэнта, на якіх перамог Ніксан, ахоўнікі затрымалі групу падазроных у гатэлі «Уотэргейт», дзе знахо­дзіўся штаб дэмпартыі. Знешне ўсё выглядала як простае рабаванне, але пры ператрусе праваахоўнікі нечакана знайшлі ў злачынцаў складаную гуказапісвальную апаратуру. У тым ліку пад ціскам прэсы пачалося следства, вынікі якога цяжка было прагназаваць. Сляды рабаўнікоў вялі ў апарат Белага дома, дзе, як пазней высветлілася, працавалі так званыя «водаправоднікі» — служба, адказная за праслухоўванне апанентаў Ніксана. Высветліліся і іншыя брудныя справы.

Спачатку Ніксан спрабаваў замяць скандал, але ледзь не кожны дзень выяўляліся новыя факты: «жучкі», устаноўленыя ў штаб-кватэры дэмакратаў, запісы гутарак, якія вяліся ў Белым доме, і гэтак далей. У выніку была сфармаваная сенацкая камісія па «справе Уотэргейту», а самі судовыя слуханні сталі перадавацца па тэлебачанні на ўсю краіну і збіралі шалёную аўдыторыю.

Праз два-тры месяцы нават для самых фанатычных абаронцаў Ніксана стала відавочна, што прэзідэнт ад самага пачатку спрабаваў перашкодзіць правасуддзю ў асабістых і партыйных інтарэсах. Пасля таго, як ад Ніксана адвярнуліся рэспубліканцы-сенатары, імпічмент стаў вырашанай справай. Апоўдні 9 жніўня 1974 года Ніксан, пазбавіўшыся ўсіх саюзнікаў і перад тварам немінучага імпічменту, пакінуў Белы дом.

Развязка стала шокам не толькі для амерыканцаў. За працэсам сачылі ва ўсім свеце. Больш за ўсё не знаходзілі сабе месца праамерыканскія дыктатары краінаў «трэцяга свету». Па сутнасці, іх аўтарытэт залежаў ад рэнамэ Белага дому. Іранскі шах, які быў зрынуты праз пяць гадоў, заклікаў Кангрэс супакоіцца, паколькі аслабленне прэзідэнцкай улады ў ЗША правакуе рост небяспекі ва ўсім свеце.

З іншага боку, Уотэргейт ударыў не толькі па статусе дыктатараў з перыферыі. Партнёраў Злучаных Штатаў з Еўропы таксама таемна праслухоўвалі падчас візітаў за акіян. Праўда, некаторыя — напрыклад, прэм’ер Аўстраліі, — лічылі гэта цалкам нармальным.

Цікавай была рэакцыя сацыялістычнага лагеру. Хаця ў савецкіх СМІ прэзідэнт ЗША заўжды маляваўся галоўным падпальшчыкам «халоднай вайны», гэтым разам каментарыі былі вельмі карэктныя. Больш за тое, візіт Брэжнева ў Злучаныя Штаты ў разгар скандалу ў 1973-м разглядаўся як сімвалічная падтрымка Ніксана. Назіральнікі пагаджаюцца, што Масква сімпатызавала Ніксану як палітычнаму лідару, які выступаў за прагматычны фармат амерыкана-савецкіх адносін. Больш адкрыта падтрымаў Ніксана камуністычны Кітай, дзе імпічмент наўпрост назвалі вынікам занадта вялікіх свабодаў, што маюць амерыканскія грамадзяне.

А вось на Кубе навіну пра адстаўку Ніксана адзначалі як сапраўднае свята. Гавана разглядала падзеі ў ЗША як своеасаблівую помсту амерыканскай эліце за кааперацыю з кубінскай контррэвалюцыяй. Яе прадстаўнікі займаліся не толькі дыверсіямі на радзіме Кастра. Праціўнікаў кубінскага рэжыму ўлады ЗША выкарыстоўвалі для брудных спраў унутры краіны. Прысутнічалі кубінцы і ў той самай групе «водаправоднікаў», якая спрабавала зайсці ў штаб-кватэру дэмакратаў у гатэлі «Уотэргейт».

Дасюль ідуць дэбаты адносна ўплыву Уотэргейта на тэатр вайсковых аперацый у В’етнаме. Ужо пасля адстаўкі Ніксана яго прыхільнікі казалі пра падзенне духу жаўнераў ЗША з-за кепскіх навінаў з Вашынгтону. Прынамсі, Генры Кісінджэр, што быў дзяржсакратаром пры Ніксане, казаў, што захоп в’етнамцамі Сайгону ўвесну 1975-га быў вынікам Уотэргейта. Хаос у Белым Доме, маўляў, паралізаваў працу адміністрацыі і не дазволіў своечасова прыняць патрэбныя захады.

Калі нават гэта і так, то пазітыўныя наступствы Уотэргейта кампенсавалі ЗША страту Сайгона. Відавочна, яны давялі жыццёвасць і эфектыўнасць пунктаў Канстытуцыі, якія падпарадкоўвалі ўладу грамадству. А паколькі ўся эпапея адбывалася напярэдадні 200-й гадавіны Дэкларацыі пра незалежнасць ЗША, амерыканская ідэя атрымала новы драйвер. Сама перспектыва аказацца другім Ніксанам з тых часоў стала стрымліваючым фактарам для прэзідэнтаў (і не толькі Злучаных Штатаў).

Нарэшце, ёсць яшчэ адзін цікавы пазітыў Уотэргейта. Як вызнавалі сучаснікі, жарсці вакол следства па Уотэргейце дапамаглі ім забыцца пра энергетычны крызіс, што выбухнуў на пачатку 1970-х. Завоблачныя кошты на паліва мала каго цікавілі на фоне сенсацыйных трансляцый з Кангрэсу.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!