Reuters: Расія нанесла авіяўдары па Сірыі, ёсць ахвяры

Авіяцыя Расіі і рэжыму Башара Асада нанесла ўдары па папулярным рынку і жылых кварталах аднаго з гарадоў Сірыі. Забітыя па меншай меры 20 чалавек.

Фота: кадр з відэа

Не менш за 20 чалавек загінулі ў выніку паветраных удараў па папулярным рынку і жылых кварталах аднаго з галоўных гарадоў пад кантролем паўстанцаў на паўночным захадзе Сірыі. Пра гэта агенцтву Reuters распавялі ратавальнікі і мясцовыя жыхары.

Атакі, якія, як мяркуюць, здзейснілі сірыйскія або расійскія самалёты, былі нацэленыя на Маарат аль-Нуман — густанаселены горад на поўдні правінцыі Ідліб. Паведамляецца пра дзясяткі пацярпелых і разбурэнні.

"Целы ляжаць на вуліцах. Няхай Бог адплаціць Пуціну і Асаду за іх злачынствы", — сказаў Абдул Рахман аль-Ясер, выратавальнік з грамадзянскай абароны Ідліба, які шукаў целы пад заваламі.

Ажыўленыя рынкі і жылыя раёны часта станавіліся мішэнямі падчас кампаніі, якую праводзяць Расія і Сірыя з канца красавіка.

Як піша турэцкае дзяржаўнае агенцтва Anadolu, авіяцыя Расіі і рэжыму Башара Асада нанесла ўдары па населеных пунктах Маарат аль-Нума, Быдама, Кенбіне і пасёлку Тэль-Меніш у правінцыі Ідліб.

Як паведамляюць крыніцы ва ўзброенай апазіцыі, удары па Маарат аль-Нуману нанеслі Паветрана-касмічныя сілы Расіі.

Паводле korrespondent.net


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!