Рэвалюцыя годных, свабодных і ахвярных: анлайн-фотавыстава

Сёння, 22 лютага, пятая гадавіна падзення рэжыму Януковіча. Рэвалюцыя Годнасці, якая змяніла не толькі Украіну, але ўсё навакольную геапалітычную прастору, кардынальна паўплывала на змяненне канфігурацыі пост-ялцінскага свету.

Аўтар гэтых радкоў з'яўляецца непасрэдным удзельнікам гістарычных падзеяў, якія адбываліся пяць гадоў таму. На знак ушанавання пятай гадавіны я вырашыў апублікаваць кампіляцыю сваіх найлепшых фатаздымкаў, зробленых мною падчас рэвалюцыі. У іх адлюстраваныя людзі Майдану, іхны побыт, святкаванне Раства Хрыстова, баі на вуліцы Грушэўскага, акцыі Аўтамайдану, актывістам якога я таксама быў, і шмат іншага.

Рашэнне паехаць на Майдан не было спантанным. Яго абумовіла тое, што Украіна для мяне ёсць такой жа роднай, як і Беларусь: мой род паходзіць з старажытнага казацкага роду Івашына. Бацька – Яўген Мікалаевіч – родам з Дняпра, дзед – Мікалай Дарафеевіч Івашына – нарадзіўся за 70 км ад гэтага вялікага гораду ў сяле Вольныя Хутары Верхнедняпроўcкага раёну, якое мае продкі заснавалі ў сярэдзіне XVIII ст.

Я нарадзіўся ў Беларусі, у Горадні, дзе і жыву, таму яшчэ адной ключавой прычынай паехаць на Майдан было абсалютна выразнае бачанне наўпроставай пагрозы для беларускага народу апынуцца ў жорнавах новага неаімперскага геапалітычнага ўтварэння, якім без сумневу з'яўляўся б Еўразійскій саюз з Украінай у сваім складзе.

Я ўваходзіў у 1-ю львоўскую сотню самаабароны, якая дыслакавалася ў Кастрычніцкім палацы, які ягоныя абаронцы перайменавалі на Палац Свабоды. У функцыі нашага падраздзялення ўваходзіла абарона і пабудова новых барыкадаў, патруляванне перыметру, здзяйсненне рэйдаў па-за тэрыторыю, кантраляваную Майданам, напрыклад для дэблакады аўтамабіляў і грузавікоў з харчамі й дровамі. Гэты аўтатранспарт, які дастаўляў крытычныя рэсурсы для падтрымання жыццядзейнасці нашай сапраўднай выспы свабоды, досыць часта блакавалі супрацоўнікі сілавых ведамстваў.
Разам з сваім пабрацімам Багданам Шкодынам (леваруч)

Разам з сваім пабрацімам Багданам Шкодынам (леваруч)


Свой уклад у Рэвалюцыю я здзейсніў на працягу 24 содняў, якія быў на Майдане, – з 4 па 28 студзеня 2014 г. Гэта быў час насычаны драматызмам, ахвярным гераізмам, узаемадапамогай і неймавернай салідарнасцю й пакліканьнем людзей добрай волі. Дзеля атрыманага падобнага жыццёвага досьведу й варта жыць. Бо гэта кшталцуе й загартоўвае цябе, надае жалезабэтонную веру ў змены да лепшага й абумоўлівае твае далейшыя дзеянні.

Масавае яднанне пасіянарыяў на Майдане з усяе Украіны, а таксама з іншых дзяржаваў запусціла ланцуговую рэакцыю перафарматавання постсавецкае прасторы, наступствы якога будуць бачныя толькі ў межах маштабнай гістарычнай перспектывы. Толькі яна зможа даць адказ на пытанне пра мейсца й ролю гэтага перыяду ў гісторыі. Але ўжо зараз можна з упэўненасцю казаць, што без гэтых падзеяў мы зараз з вялікай верагоднасцю жылі б у рэаліях адноўленага расейскага імперскага ўтварэння і былі б выразнікамі волі й інтарэсаў расейскай дзяржавы. Неўзабаве, як Віктар Януковіч пасля таемнай сустрэчы з Пуціным у Сочы здрадзіў свайму народу і змяніў вектар развіцця краіны, быў акрэслены час паўнавартаснага запуску імперскага ўтварэння “Еўразійскій саюз” з Украінай у складзе – студзень 2015 году. Святло для Беларусі й Украіны на прыканцы тунэлю згасла б на вельмі вялікі прамежак часу, мажліва, большы за жыццё аднаго пакалення. Аднак чалавечая воля, вера й прага дзеянняў не далі гэтаму спраўдзіцца.

Расія распачала ваенную агрэсію супроць Украіны менавіта праз немажлівасць суцішыць свой фантомны боль у выніку “найвялікшай геапалітычнай кастрофы ХХ стагоддзя”. Вайна супроць украінскага народу мае для яе выключна імперскае вымярэнне, у той час як для Украіны і лепшых прадстаўнікоў іншых краінаў, што супольна з украінцамі супрацьстаяць агрэсіі, – нацыянальна-вызвольнае. За свабоду і свой уласны цывілізацыйны выбар трэба змагацца, але з палымянай верай і шчырымі дзеяннямі, з гонарам і годнасцю!

Анлайн-фотавыстава пачынаецца з серыі фатаздымкаў, зробленых мною ў перыяд калядных святаў, калі падзеі на Майдане мелі яшчэ адносна мірны характар.
 

У Палацы Свабоды дыслакавалася цэлая сотня самаабароны з Крыму.


Фатаздымак ніжэй зроблены з тэрыторыі Марыінскага парку, калі ў ім яшчэ не знаходзіўся лагер Антымайдану. Беларускі сцяг падсвятляюць пражэктарам з вайсковага аўтамабілю жаўнеры ўнутраных войскаў.

Блок-пост сілавых ведамстваў на вул. Грушэўскага. Праз дванаццаць дзён усе гэтыя аўтамашыны будуць спаленыя падчас вулічных баёў.
Калядоўнікі дораць вясёлы й бадзёры настрой абаронцам Палацу прафсаюзаў.

Адна з галоўных палявых кухняў з гучнай назвай “Еўраборшч”. Пэўна, без ладных пасілкаў не было б і гаворкі пра добры стан маральна-баявога духу абаронцаў Майдану.

Камендант палявой кухні “Еўраборшч” Аляксандар з Магілёва (у фота праваруч).
 

Да пачатку баёў на Грушэўскага гэтая барыкада, што выходзіла ў бок Еўрапейскай плошчы, была апошняй. Тэрыторыя, падкантрольная Майдану, за ёй сканчвалася.
Надпіс над уваходам на Майдан побач з Палацам Прафсаюзаў. Правісеў ён досыць працяглы час ажно да штурму гэтай барыкады спецпадраздзяленнямі 18 лютага 2014 году. Праз два дні пасьля гэтага расейцы распачнуць аперацыю захопу Крыму.
 

У фатаздымку ніжэй побач з ІТ-намётам можна пабачыць расейскі сцяг. Падчас рэвалюцыі мы з вялікай засцярогай ставіліся да ўсяго расейскага, асабліва да прадстаўнікоў медыя з РФ. Аднак адносная цярпімасць да расейцаў тады яшчэ была.
Анклаў Майдану на Міхайлаўскай плошчы (адлегласць – паўкіламетру). Я яго асабіста называў “Гайдамацкі хутар”. Выконваў функцыі практычна ўзводнага апорнага пункту.

Дэкамунізацыя, якая абавязкова прыйдзе і ў Беларусь, пачалася менавіта адсюль.
Славутая Львоўская брама, што выходзіла на вуліцу Інстытуцкую. На барыкадзе можна пабачыць прымацаваны надпіс на знак падтрымкі Майдану патрыётамі Беларусі.

На тэрыторыі, падкантрольнай Майдану, практычна ніколі не было супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, прынамсі ў форме. Ахову парадку здзяйсьнялі сваімі сіламі падраздзяленні добраахвотнікаў. Фота, пададзенае ніжэй, з'яўляецца ў пэўным сэнсе ўнікальным.
Добрай традыцый сталася пакідаць драўляны брусок з назовам населенага пункту свайго жыхарства. У фота можна пабачыць назвы гарадоў, якія сёння знаходзяцца пад кантролем расійскіх акупацыйных войскаў.
Шчыры клопат што да абаронцаў Палаца Свабоды. У кадр патрапіла таксама частка кухні на другім паверсе нашага сталага мейсца дыслакацыі.
Гэты фатаздымак са мной быў апублікаваны ў студзені 2014 году на сайце Еўрапейскага радыё для Беларусі. Яно сталася загалоўным для вялікага інтэрв'ю, якое я надаў тады журналісту гэтага радыё Змітру Лукашуку. У фота ўдалечыні можна пабачыць рэзідэнцыю прэзідэнта Украіны, на той момант Віктара Януковіча.
Увечары 10 студзеня 2014 года актывісты Аўтамайдану заблакавалі два аўтобусы з амаль ротай “Беркуту” непадалёк Святошынскага РУУС Кіева. Байцы спецпадраздзялення раней зздейснілі гвалтоўнае збіццё актывістаў, якія прыйшлі да будынку суда Святошынскага раёну на знак падтрымкі засуджаным у справе “Васількоўскіх тэрарыстаў”. Пасля жорсткага сутыкнення “беркутаўцаў” прапусцілі праз калідор ганьбы, пры гэтым здзяйсняючы фота- і відэафіксацыю іхных абліччаў.

 
Падчас аднаго з рэйдаў Аўтамайдану ў рэзідэнцыю Януковіча Межгор’е” дарогу нам знянацку заблакавала групоўка так званых “цітушак”. Нашая перадавая група ўзяла ўсю атаку на сябе, каб забяспечыць выезд з Кіева асноўнай калоне.
Штурм і ўзяцце першага блок-пасту ля ўезду ў Межгор’е.
Рэзідэнцыя Януковіча ўвесь час сустракала нас глыбака эшаланавай лініяй абароны спецпадраздзяленняў.

 
Шторанкавае шыхтаванне асабовага складу сотняў самаабароны Палацу Свабоды.
Адзін з пабрацімаў рыхтуецца да газавай атакі.
Мірны візыт да Адміністрацыі прэзідэнта на вул. Банкавай.
Мне вельмі пашчасціла зрабіць супольнае фота з легендарнай постацю Украіны – Ляўком Лук’яненкам – дысідэнтам, адным з лідараў украінскага нацыянальнага змагання. Савецкая сыстэма напоўніцу прапусціла яго праз молах рэпрэсіяў. За антысавецкую дзейнасць і думкі пра вольную Украіну ён быў прысуджаны да расстрэлу, замененаму на 15 гадоў лагероў. Агулам яго ўтрымлівалі ў зняволеньні 26 (!) гадоў. Ён з'яўляецца аўтарам “Акту абвяшчэння незалежнасці Украіны” з 24 жніўня 1991 г., дэпутатам чатырох скліканняў Вярхоўнай Рады. На жаль, 7 ліпеня 2018 года ён пайшоў з жыцця.
У фатаздымку ніжэй можна пабачыць, як сотні самабароны выйшлі сустракаць харкаўскае бандфармаванне “Аплот” Яўгена Жыліна. За некалькі дзён да гэтага байцы бандфармавання абвесцілі пра намер здзейсніць зачыстку Майдана.
19 студзеня 2014 года. Нядзельнае веча. Экспрэсія людзей, адлюстраваная ў фота, выразна перадае гістарычнасць моманту і той настрой, які панаваў напярэдадні лёсавызначальных падзеяў, што адбыліся ў гэты дзень.
19 студзеня 2014 года. Хрышчэнне вагнём

Мая асабістая спраўджаная версія “guerrilla urbana”.

Уваход у медычны пункт на вул. Грушэўскага, які ўдзень 22 студзеня 2014 г. будзе цалкам знішчаны “беркутаўцамі”.
22 студзеня 2014 года. Адзін з самых трагічных дзён Майдану. Першыя забойствы ўдзельнікаў Рэвалюцыі. Безліч параненых.

Падчас аднаго з кантрнаступаў і адбіцця атакі сілавых ведамстваў абаронцы Майдану арганізуюць адмысловую вагнявую заслону, каб спыніць іхны тэрор супроць бяззбройных людзей.
24 студзеня 2014 года. Часовае перамір’е.
 26 студзеня 2014 года. На адпяванне Міхася Жызьнеўскага ў Міхайлаўскім саборы прыйшла вельмі вялікая колькасць людзей. Пасля адбыліся ўрачыстыя провады з шматтысячнай хадой да Майдану.
Вечная і светлая памяць загінулым у барацьбе за свабоду й чалавечую годнасць. Яны пайшлі ў бой і адстаялі святыя ідэалы Свабоды й Дэмакратыі. Іхны непераможны дух мае жыць у нашых учынках і справах, у сталёвай волі і ахвярных дзеяннях.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!