Рэвалюцыя — Люстрацыя — Свабода!

Калі прыглядзецца, то можна ўбачыць вельмі шмат паралеляў. 17 лістапада ў Чэхіі і Славаччыне адзначаюць гадавіну «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 году, якая пакончыла з камуністычным рэжымам у тагачаснай ЧССР. Як гэта было, узгадвае Радыё Свабода.

Рэвалюцыя пачалася ў Празе даволі нечакана. У цэнтры гораду 17 лістапада 1989 павінна была прайсці дазволеная ўладамі студэнцкая акцыя, прысвечаная памяці ахвяр нацысцкіх рэпрэсіяў: за 50 гадоў да гэтага, у лістападзе 1939-га, у акупаванай Празе былі здушаныя дэманстрацыі пратэсту, арыштаваныя і расстраляныя дзевяць праскіх студэнтаў. Іх пераемнікі праз паўстагодздзя, аднак, не абмежаваліся памінаннем загінулых — студэнцкія дэманстрацыі, даволі шматлюдныя, перараслі ў некалькіх раёнах гораду ў антыўрадавыя выступы.

У Чэхаславаччыне ўжо больш як год было неспакойна, людзі ня раз выходзілі на несанкцыянаваныя акцыі пратэсту, якія разганяліся ўладамі. Найбольш значныя з іх адбыліся ў жніўні 1988 — у дваццатую гадавіну ўварвання ў Чэхаславаччыну войскаў краін Варшаўскай дамовы — і ў студзені 1989, у памяць аб самаспаленні 20 гадамі раней студэнта Яна Палаха на знак пратэсту супраць савецкай акупацыі.

​Тым ня менш, да вечара 17 лістапада стала ясна, што гэтым разам гаворка ідзе аб небывалых паводле маштабу пратэстах. Паліцэйскі спэцназ блякаваў студэнтаў на Народным праспэкце ў цэнтры Прагі і пачаў выцясняць іх у бакавыя вуліцы, пры гэтым жорстка збіваючы. Пацярпелі больш за 500 чалавек. Пранёсся слых аб гібелі аднаго са студэнтаў. Гэтая інфармацыя пасля не пацьвердзілася, але дэманстрантаў яна падбухторыла: у наступныя дні да студэнтаў на вуліцах Прагі далучыліся іншыя гараджане, сітуацыя пачала выходзіць з-пад кантролю ўладаў.

18 лістапада розныя апазіцыйна настроеныя групы стварылі адзіную арганізацыю — Грамадзянскі форум, нефармальным лідэрам якога неўзабаве стаў драматург-дысідэнт Вацлаў Гавэл. У Славаччыне паўстаў аналягічны рух «Грамадзкасць супраць гвалту». Палітычнымі арганізацыямі ў поўным сэнсе слова яны спачатку не з’яўляліся і задачу ўзяцця ўлады перад сабой не ставілі. Аднак сітуацыя на вуліцах Прагі і іншых гарадоў усё змяніла ў лічаныя дні.

У апошнюю дэкаду лістапада масавыя выступы не спыняліся, а ўлада выглядала паралізаванай. На той час у суседніх з Чэхаславаччынай краінах камуністычныя рэжымы былі альбо ўжо зрынутыя, альбо блізкія да падзення. Савецкае кіраўніцтва на чале з Міхаілам Гарбачовым, чыя палітыка «перабудовы» падштурхнула рэвалюцыйныя працэсы ва Ўсходняй Эўропе, адмовілася ад сілавога ўмяшання ў сітуацыю.

Нарэшце, сам чэхаславацкі рэжым не быў адзіны: састарэлы прэзідэнт ЧССР Густаў Гусак і лідэр кампартыі Мілаш Якеша не карысталіся шырокай падтрымкай нават у шэрагах апарату КПЧ. У выніку ўлада камуністаў, якая пратрымалася амаль 42 гады, на працягу некалькіх тыдняў стала здабыткам гісторыі.

Пра «аксамітную рэвалюцыю» як гістарычны фэномэн у інтэрв'ю Радыё Свабода разважае чэскі гісторык, навуковы супрацоўнік Інстытуту сучаснай гісторыі Акадэміі навук ЧР Павел Мюке:

— Як чэскае грамадства цяпер успрымае падзеі лістапада — снежня 1989? Ці можна лічыць, што яно ў дастатковай меры інфармаванае пра іх? Паводле нядаўняга сацыялягічнага апытання, 10% чэхаў ва ўзросце да 30 гадоў наогул ня ведаюць, што, уласна, адзначаецца 17 лістапада...

— Чэскае грамадства стала за гэтыя гады, натуральна, разнастайным, у ім адыгрывае вялікую ролю тая маладая ўзроставая катэгорыя, пра якую вы згадалі. Для гэтых людзей «аксамітная рэвалюцыя» — падзея амаль гэтак жа далёкая, як Другая сусветная вайна. Так што тут ужо адыгрывае ролю не асабісты вопыт, а школа, мас-мэдыя, самаадукацыя... У цэлым інфармаванасць людзей пра тыя падзеі, як мне ўяўляецца, даволі высокая. Іншая размова, што ня ўсе гісторыяй цікавяцца. Але я б не наважыўся каго-небудзь папракаць у тым, што яго не цікавяць тыя альбо іншыя рэчы.

— Распаўсюджаныя ўяўленні аб тым, што бяз добрай волі Масквы, у першую чаргу Міхаіла Гарбачова, не было б ні «аксамітнай рэвалюцыі», ні іншых тагачасных пераменаў у краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы...

— Знешні фактар, вядома, ніяк нельга скідаць з рахунку. Калі б Міхаіл Гарбачоў не стаў лідарам СССР, не пачаў палітыку «перабудовы і галоснасці» і не адмовіўся б ад сілавога ўтрымання ўсходнееўрапейскіх сатэлітаў, перамены ў нашым рэгіёне былі б наўрад ці здзяйсняльныя. З іншага боку, не бывае рэвалюцыяў без масавага ўздыму, бяз «вуліцы». Так што тут у працэнтах разлічыць цяжка, але, вядома, падзеі за мяжой прыкметна паўплывалі на тое, што адбывалася ў Чэхаславаччыне. Можна сказаць, што на ўсходзе Эўропы тады паўстаў «эфект даміно»: варта было ўпасці аднаму рэжыму, як захісталіся і астатнія.

— А наколькі само чэхаславацкае грамадства тады было гатовае да пераменаў? Ці было моцным імкненне да іх, дапусцім, у правінцыі? Бо «аксамітная рэвалюцыя» часта ўспрымаецца як перш за ўсё сталічная, праская, ды яшчэ і інтэлігенцка-студэнцкая...

— Да любой рэвалюцыі, мабыць, нельга падрыхтавацца загадзя. Ніхто не чакаў, што падзеі пачнуцца менавіта тады, калі яны пачаліся, а тым больш — што яны будуць развівацца так хутка. Характэрна, што рэвалюцыя заспела знянацку як тагачаснае камуністычнае кіраўніцтва, так і дысідэнтаў. У справу ўступілі «нечаканыя» фактары ў выглядзе якраз студэнцкага руху, а потым і мноства іншых людзей, якія да таго часу асаблівай грамадзка-палітычнай актыўнасці не праяўлялі.

Што тычыцца «праскага» характару рэвалюцыі, то так, яна пачалася ў Празе, але многія няпраскія падзеі ў агульным кантэксце неяк забыліся, а гэта няправільна. Напрыклад, тагачасныя экалягічныя выступы на поўначы Чэхіі, у горадзе Тэпліцэ — гэта не былі непасрэдна акцыі пратэсту супраць рэжыму, але гэта было прыкметнай праблемай, якая хутка, як і ўсё тады, палітызавалася. А затым усе гэтыя выступы зліліся ў адзін паток. І, калі пафантазаваць, не пачніся ў Празе падзеі 17 лістапада, невядома, ці не адзначалі б мы сёння гадавіну тых дэманстрацыяў на поўначы Чэхіі як падзеі, якая паклала пачатак рэвалюцыі.

— А чаму рэжым абрынуўся так хутка, за пару тыдняў? Бо сярод ўсходнеэўрапейскіх камуністычных дыктатураў чэхаславацкая адносілася хутчэй да найбольш жорсткіх — разам з рэжымамі Румыніі і ГДР. Што адбылося?

— Прычынаў было некалькі. У рамках камуністычнай іерархіі тады ўжо супернічалі розныя плыні. Да гэтага трэба прыплюсаваць эканамічныя фактары, а пасля 17 лістапада — гэтую хвалю грамадзкай актыўнасці, якая раптам узнялася, ціск «вуліцы». Паўстаў свайго роду сінергетычны эфект.

Вырашальнымі сталі адзін-два тыдні, падчас якіх рэжым спрабаваў неяк мабілізаваць сваіх нешматлікіх прыхільнікаў. Былі спробы перакінуць у Прагу «народную міліцыю» — нешта накшталт узброеных дружыннікаў, распаўсюджваліся МУС і таемнай паліцыяй нейкія праўрадавыя заклікі і пэтыцыі... Але шалі вагаў хутка схіліліся на другі бок, і пачало праяўляць сябе, так бы мовіць, больш прагрэсіўнае крыло ў шэрагах самой КПЧ, напрыклад, будучы прэм’ер Марыян Чалфа.

Але гэта было і на мясцовым узроўні — пачалася масавая здача партыйных білетаў. Многія з нядаўніх камуністаў далучыліся да Грамадзянскага форуму і тым самым сталі часткай рэвалюцыі.

— Калі казаць пра тое, што прыйшло пасля рэвалюцыі — возмем законы аб люстрацыі, прынятыя ў пачатку 90-х гадоў. Яны былі закліканы перакрыць шлях у палітыку прадстаўнікам камуністычнага рэжыму, перш за ўсё спецслужбаў. Гэтыя законы выканалі сваю гістарычную функцыю?

— Гэтыя законы былі вынікам імкнення, з аднаго боку, разабрацца са сваім мінулым, а з другога — не дапусціць вяртання ў кіраўніцтва краіны прадстаўнікоў далістападаўскіх кіруючых колаў. У прынцыпе, гэтага ўдалося дамагчыся.

З іншага боку, выглядае дзіўна той факт, што і цяпер, праз столькі гадоў пасля рэвалюцыі, гэтыя тэмы застаюцца прадметам ажыўленай палітычнай палемікі. Цяжка ўявіць сабе, каб цяпер сур’ёзна хтосці разглядаў магчымасць вяртання да сітуацыі, якая існавала да лістапада 1989 году, а галоўнае — як бы ён хацеў гэтага дамагчыся? Па-мойму, сваёй мэты гэтыя законы дасягнулі і цяпер хутчэй з’яўляюцца здабыткам мінулага — але ў той жа час актыўна выкарыстоўваюцца ў палітычнай барацьбе, — адзначае чэскі гісторык Павел Мюке.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: