Рэвалюцыя на ўдалёнцы

Каб выказаць незадаволенасць, расіяне пачалі ладзіць калектыўныя пратэсты на анлайн-пляцоўках. Наколькі эфектыўны новы фармат супраціву? Некаторыя юзэры ўвогуле мяркуюць, што анлайн-пратэсты — гэта хітры план Крамля для фіксацыі незадаволеных.

Нам выпала жыць у час, багаты на сенсацыі і падзеі, беспрэцэдэнтныя ў гісторыі. Адна з такіх здарылася 20 красавіка ў Расіі, дзе ўпершыню адбыўся… разгон віртуальнага мітынгу. Знешне гэта выглядала як выдаленне мадэратарамі Яндэкса паведамленняў, якія з'яўляліся ў праграмах «Яндекс.Навигатор» і «Яндэкс.Карты». У гэтых паведамленнях, якія шматлікія каментатары ставілі на мапе паблізу цэнтраў адміністрацый, як правіла, змяшчалася крытыка ўладаў за матэрыяльныя праблемы насельніцтва падчас каранціну.

Першыя пратэстныя паведамленні былі зафіксаваныя ў абед 20 красавіка ў Растове-на-Доне, дзе напярэдадні мэрыя зрабіла больш жорсткімі правілы на ўезд і перамяшчэнне па горадзе. Хутка геаграфія віртуальнага бунту пашырылася. Канцэнтрацыі кропак з пратэстнымі каментарамі ля будынкаў абласных урадаў у «Яндекс.Навигаторе» былі зафіксаваныя ў Екацярынбургу, Краснаярску, Ніжнім Ноўгарадзе, Варонежы, Санкт-Пецярбургу, Уфе і Маскве.

Натуральна, незвычайная акцыя і панічная рэакцыя на яе з боку ўладаў выклікалі шмат жартаў. Напрыклад, папулярны жарт пра тое, што МУС ужо папрасіла грошы на тое, каб набыць віртуальныя аўтазакі для разгону анлайн-маніфестацый. Аднак пры ўсёй камічнасці сітуацыі чыноўнікам яўна не да смеху. Так, губернатар у тым жа Растове, рэагуючы на анлайн-мітынг, запатрабаваў лібералізаваць парадак выдачы пропускаў. Прадстаўнік сілавых структур Растоўскай вобласці ўвогуле назваў анлайн-мітынгі «пагрозай бяспецы». Пракаментаваў апошнія падзеі ў сеціве і прэс-сакратар Пуціна.

Паколькі ўлада звычайна вельмі рэдка рэагуе на думку грамадства, анлайн-пратэсты 20 красавіка натхнілі антыпуцінскую апазіцыю. На 28 красавіка прызначана маштабная віртуальная вылазка апанентаў Пуціна пад назвай «За жыццё». Удзельнікі анлайн-мітынга будуць крытыкаваць уладу за недастатковыя меры падтрымкі людзей на каранціне.

Пакуль апазіцыянеры рыхтаваліся да акцыі, у грамадстве разгарнулася сапраўдная спрэчка паміж аматарамі новага фармату пратэсту і скептыкамі. Асноўны тэзіс праціўнікаў агучыў адзін з ананімных каментатараў рунэта: «А які сэнс? Любы пратэст, які ніяк не замінае тым, супраць каго ён накіраваны, бескарысны з самага пачатку. Такога кшталту сходы існуюць даўно, папросту ў іншай форме. І шматлікія ютуб-хамякі і іншыя жыхары рускамоўнага інтэрнэту спакон веку генеруюць мільёны мільярдаў гнеўных каментараў і вострых палітычных абмеркаванняў, хаця ў выніку гэта так ні да чаго і не прыводзіць».


Некаторыя юзэры ўвогуле мяркуюць, што анлайн-пратэсты — гэта хітры план Крамля для фіксацыі незадаволеных. Пасля падзей 20 красавіка Яндэкс змяніў правілы. Цяпер пакінуць паведамленне на карце можа толькі зарэгістраваны карыстальнік. Да гэтага мець зносіны ў сэрвісе «размоваў» можна было без аўтарызацыі. Паколькі Яндэкс лічыцца кампаніяй, афіляванай з уладай, пішуць, што лепшы варыянт для адсочвання «экстрэмістаў» нават цяжка прыдумаць.

Няма кансенсусу і наконт эфектыўнасці анлайн-бунтаў і ў сегменце апазіцыі. «Мітынгі на анлайн-картах і петыцыі не дапамогуць. Яны важныя толькі як сведчанне гатоўнасці да дзеянняў на вуліцах і плошчах», — адзначае адзін з правадыроў антыпуцінцаў Міхаіл Хадаркоўскі і заклікае рабіць стаўку на сацыяльныя лозунгі.

У тых, хто па іншы бок барыкадаў, свае аргументы. Па іх словах, анлайн-пратэст вельмі важны, паколькі паказвае настрой мас. Плюс дадае людзям упэўненасць ва ўласных сілах, пачуццё яднання. Тэарэтычна, такі фармат таксама надае магчымасць у нейкі момант заклікаць людзей і вывесці іх у афлайн. Акрамя таго, фармат анлайн-пратэстаў нязвыклы — і з-за навізны інтарэс да яго можа быць вельмі значным.

Нарэшце, на думку апазіцыі, трэба глядзець наперад. Як адзначаюць некаторыя каментатары, за анлайн-пратэстамі — будучыня. «Лічбавыя» мітынгі — гэта не феномен часоў самаізаляцыі, а новая дзейсная тэхналогія мабілізацыі пратэстнага кантынгенту, якая застанецца на доўгія гады. У тым ліку таму, што ёсць важнае адрозненне віртуальных мітынгаў ад рэальных. Справа ў тым, што людзі, якія на гэтыя мітынгі выходзяць, упэўненыя ў сваёй абсалютнай бяспецы, — кажа адзін з экспертаў.

На жаль, замежны вопыт не дазваляе выявіць пераможцу ў гэтым двубоі. У свеце папулярныя анлайн-пратэсты, а некаторыя з іх (напрыклад, акцыя мексіканскіх жанчын супраць гвалту) вельмі моцна паўплывалі на грамадскую думку. З іншага боку, той жа гуру амерыканскіх эколагаў Ральф Надэр пагаджаецца, што палітычныя кампаніі ў сеціве з’яўляюцца сімулякрам рэальнай барацьбы за змены.

У любым выпадку, калі бліжэйшыя анлайн-пратэсты ў Расіі будуць паспяховымі і выклічуць заўважны рэзананс, то, напэўна, новым фарматам зацікавіцца актыў апазіцыі іншых постсавецкіх краін. І не толькі краін, дзе дзейнічае рэжым каранціну. Але і там, дзе на правядзенне публічных акцый фактычна накладзена табу.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: