Рэжысёра Кірыла Сярэбранікава адправілі пад хатні арышт

Басманны суд Масквы адправіў пад хатні арышт да 19 кастрычніка мастацкага кіраўніка «Гогаль-цэнтра» Кірыла Сярэбранікава. Пра гэта паведамляе «Медуза» з суду.
Такую меру стрымання для рэжысёра запытала следства. Яно ўказала, што ў рэжысёра ёсць від на жыхарства ў Латвіі і нерухомасць за мяжой. На думку прадстаўнікоў СК, Сярэбранікаў на волі можа ўздзейнічаць на сведкаў і знішчыць доказы. Следчы сцвярджае, што фігурантка справы Кацярына Воранава раней знішчыла частку доказаў.

Сам мастацкі кіраўнік «Гогаль-цэнтра» нагадаў, што ў яго забралі замежны пашпарт, і запэўніў, што не будзе «бегаць ад следства». Паводле яго слоў, хатні арышт перашкодзіць яму працаваць. Абарона папрасіла вызваліць яго пад заклад у 68 мільёнаў рублёў (976 тысяч еўра — заўв. рэд.). Кіраўнік выдавецкага дома «Новы літаратурны агляд» Ірына Прохарава, сястра мільярдэра Міхаіла Прохарава, абавязалася ўнесці любы заклад.

Падчас пасяджэння ля будынка суда ўзмацнілі ахову, паліцыя прыгнала аўтазакі. Падтрымаць Сярэбранікава прыйшло каля 500 чалавек.

У судзе за Сярэбранікава паручыліся больш за 30 чалавек, у тым ліку генеральны дырэктар Вялікага тэатра Уладзімір Урын, рэжысёры Фёдар Бандарчук і Аляксей Герман, тэлевядучыя Іван Ургант і Андрэй Малахаў, спявак Філіп Кіркораў, пісьменніца Людміла Уліцкая.

Як удакладняе «Газета.Ru», суд дазволіў Сярэбранікаву хадзіць у тэатр. Праўда, наведваць яго рэжысёр зможа толькі з дазволу следчага.

Нагадаем, што Кірыл Сярэбранікаў, быў затрыманы раніцай 22 жніўня, яму былі прад'яўленыя абвінавачанні ў арганізацыі махлярства. Ён абвінавачваецца па ч. 4 арт. 159: Крымінальнага кодэкса Расійскай Федэрацыі — махлярства ў асабліва буйным памеры, які прадугледжвае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Па версіі следства, у 2011–2014 рэжысёр г арганізаваў крадзеж «не менш за 68 мільёнаў расійскіх рублёў» (каля 980 тысяч еўра — заўв. аўт.), вылучаных на яго тэатральны праект «Платформа». У ходзе допыту ў якасці абвінавачанага сваю віну ён не прызнаў.

Паводле  tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: