Саакашвілі не будзе прасіць прытулку ў Польшчы: «Збіраюся вяртацца ва Украіну»

Лідар партыі «Рух новых сіл» Міхаіл Саакашвілі, якога 12 лютага вярнулі з Украіны ў Польшчу па працэдуры рэадмісіі, заявіў, што плануе вяртацца ва Украіну, але пакуль будзе весці перамовы з рознымі палітыкамі ў Еўропе.
Скрын з анлайну прэс-канферэнцыі ў Варшаве

Скрын з анлайну прэс-канферэнцыі ў Варшаве

Пра гэта Саакашвілі сказаў падчас прэс-канферэнцыі ў Варшаве 13 лютага.

Саакашвілі звярнуўся да генпракурора Украіны Юрыя Луцэнкі і выказаў жаданне, каб над ім працягнулі суд ва Украіне. «Я хачу спытаць Луцэнку: як я зараз з'яўлюся на судовыя пасяджэнні? Мяне будуць судзіць ці не? Я тут, забярыце мяне назад ва Украіну, я хачу, каб мяне судзілі ва Украіне», — сказаў палітык.

Саакашвілі абвінаваціў прэзідэнта Пятра Парашэнку ў тым, што той яго баіцца. «Ён мяне вельмі баіцца. І баіцца не таму, што ў мяне ёсць грошы ці армія, а таму, што мяне немагчыма купіць і я з ім не дамаўляўся», — сказаў Саакашвілі.


Саакашвілі сказаў, што будзе рабіць усё, каб вярнуцца ва Украіну. «Я быў і застаюся ўкраінскім палітыкам, я буду аднаўляць украінскае грамадзянства», — заявіў экс-прэзідэнт Грузіі.

Саакашвілі паабяцаў у найбліжэйшы час сустракацца ў Еўропе з еўрапейскімі і амерыканскімі палітыкамі, і пазней ён плануе сустрэцца з сям'ёй у Нідэрландах. Таксама ён адзначыў, што не будзе прасіць палітычнага прытулку ў Польшчы.

12 лютага Міхаіла Саакашвілі выслалі з Украіны ў Польшчу.


Паводле hromadske.ua

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць