Саакашвілі змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, ён абвясціў галадоўку

Міхаіл Саакашвілі, які ў пятніцу быў затрыманы ў Кіеве, пачаў бестэрміновую галадоўку, паведаміў журналістам ягоны адвакат Руслан Чарналуцкі.
Здымак Reuters

Здымак Reuters



«Ён заяўляе пра пачатак галадоўкі бестэрміновай, таксама кажа, што ад прымусовага харчавання ён таксама адмаўляецца. У выпадку калі будзе прынятая мера стрымання — арышт на 60 сутак, ён жорстка будзе працягваць галадоўку», — заявіў адвакат.

Чарналуцкі таксама апублікаваў ліст, які, паводле яго слоў, Саакашвілі перадаў з ізалятара.

«Не бойцеся нічога, смела выходзіце на мірную нядзельную акцыю «За імпічмент!». Разам абаронім Украіну ад карупцыі і самавольства», — гаворыцца ў запісцы.

Перад гэтым прэс-сакратар генпракурора Украіны Ларыса Сарган паведаміла аб завяршэнні следчых дзеянняў у дачыненні да палітыка.

«Затрыманы Саакашвілі ўжо адпачывае. Пракуроры рыхтуюць хадайніцтва ў суд аб абранні меры стрымання ў выглядзе хатняга арышту з нашэннем электроннага бранзалета», — напісала яна ў "Фэйсбуку".

Аб затрыманні экс-прэзідэнта Грузіі і былога губернатара Адэскай вобласці Міхаіла Саакашвілі стала вядома ў пятніцу вечарам.

«Згодна з пастановай аб вышуку супрацоўнікі Нацпаліцыі выявілі месцазнаходжанне Саакашвілі на вуліцы Атраднай горада Кіева і затрымалі яго. Затрыманы змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Плануюцца следчыя дзеянні і зварот у суд аб абранні меры стрымання», — напісаў генеральны пракурор Украіны Юры Луцэнка.

Дырэктар дэпартамента камунікацыі МУС Украіны Арцём Шаўчэнка паведаміў агенцтву Інтэрфакс-Украіна, што затрыманне адбылося «без якога-небудзь супраціву, без аказання сілы і без пацярпелых».

Згодна з украінскім заканадаўствам, меру стрымання павінны абраць на працягу трох сутак.

Паводле рускай службы Бі-бі-сі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!