СААЗ афіцыйна прызнала «гульнявы разлад» хваробай

Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўнесла «гульнявы разлад» у абноўленую Міжнародную класіфікацыю хвароб. Цяпер людзі, што пакутуюць гэтым захворваннем, змогуць атрымліваць лячэнне нароўні з тымі, у каго выяўлена залежнасць ад азартных гульняў, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на pcgamer.com.
Пад «гульнявым разладам» разумеецца нездаровая цяга да онлайн- і афлайн-гульняў, якая, па вызначэнні СААЗ, заключаецца ў наступным:

- парушэнні кантролю над гульнявой дзейнасцю (частата, працягласць, інтэнсіўнасць гульні, жаданне або нежаданне яе завяршыць);

- падвышаны прыярытэт гульні над іншымі жыццёвымі інтарэсамі і паўсядзённай дзейнасцю;

- працяг «займальнага занятку» нават пры наяўнасці негатыўных наступстваў у іншых сферах жыцця (асабістай, сямейнай, сацыяльнай, адукацыйнай, прафесійнай і іншых).

«Гульнявы разлад» ўпершыню было прапанавана разглядаць як хваравітую залежнасць у снежні 2017 года, а поўнае вызначэнне захворвання з'явілася ў чэрвені 2018 года. На 72-й сесіі Сусветнай асамблеі аховы здароўя ў Жэневе (Швейцарыя) прадстаўнікі дзяржаў-членаў СААЗ ўключылі дадзены разлад у Міжнародную класіфікацыю хвароб (МКБ-11).

Пры гэтым прадстаўнікі гульнявой індустрыі з Еўропы, ЗША, Канады, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Паўднёвай Карэі, Паўднёвай Афрыкі і Бразіліі выступілі з сумесным заклікам да СААЗ перагледзець прынятае рашэнне ў бліжэйшы час. У прыватнасці, такія арганізацыі як Асацыяцыя забаўляльнага праграмнага забеспячэння, Асацыяцыя інтэрактыўных забаў Вялікабрытаніі (UKIE) і Федэрацыя інтэрактыўнага праграмнага забеспячэння Еўропы (ISFE), заявілі, што лічаць СААЗ паважанай арганізацыяй, кіраўніцтва якой павінна грунтавацца на рэгулярных, інклюзіўных і празрыстых звестках, падмацаваных незалежнымі экспертамі.

— «Гульнявы разлад» не заснаваны на досыць пераканаўчых доказах, каб апраўдаць яго ўключэнне ў адзін з найбольш важных нарматворчых інструментаў СААЗ, — адзначылі прадстаўнікі сусветнага гульнявога бізнесу.

minsknews.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!