Сацыялогія: дзве траціны расіян лічаць, што каранавірус — гэта новая форма біялагічнай зброі

Адпаведныя дадзеныя прыводзіць «Левада-Центр» — расійская недзяржаўная даследчая арганізацыя, якая прызнаная ў РФ «іншаземным агентам».



Большасць апытаных расіян — 64 % лічаць, што каранавірус — гэта новая форма біялагічнай зброі і яго стварылі штучна. Як распавёў у эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» сацыёлаг Дзяніс Волкаў, такога меркавання прытрымліваюцца людзі старэйшага ўзросту.

Паводле яго слоў, такія дадзеныя вынікаюць з дадзеных апытання «Левада-Центра», праведзенага 18-24 лютага.

«На пытанне, што такое каранавірус: натуральная хвароба або штучна створаная форма біялагічнай зброі, — 2/3 расіян адказалі, што гэта біялагічная зброя, а чвэрць лічыць, што гэты вірус з'явіўся натуральным шляхам. Пры тым, што большасць — гэта людзі ад 30 да 60 гадоў», — сказаў Волкаў.

На пытанне, як людзі ацэньваюць сітуацыю з каранавірусам і што думаюць з гэтай нагоды, апытанне паказала, што паступова зніжаецца колькасць тых, хто баіцца заразіцца каранавірусам. «Сёння такіх 43%, а 56% ужо не асцерагаюцца. Яшчэ ў кастрычніку сітуацыя была процілеглай», — адзначыў Волкаў.

Пры гэтым зрабіць прышчэпку расійскай вакцынай ад віруса гатовыя толькі 30 % рэспандэнтаў, 62 % пакуль не гатовыя. «Гэтую лічбу мы назіраем на ўсім працягу пандэміі, паўгода мы задавалі некалькі разоў гэтае пытанне. І толькі 4% заявілі, што ўжо зрабілі гэтую прышчэпку. Усё залежыць ад таго, ці гатовыя грамадзяне рабіць прышчэпку, ці баіцца чалавек заразіцца, а таксама ад узросту рэспандэнта», — адзначыў ён.

Сярод прычын адмаўлення ад вакцынацыі рэспандэнты таксама назвалі пагрозу пабочных эфектаў (37%) і неабходнасць дачакацца канца выпрабаванняў (23%). 16% апытаных у цэлым не бачаць у гэтым сэнсу.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: