Сацыёлагі абвясцілі вынікі экзіт-пола на выбарах у Дзярждуму Расіі. Лічбы пакуль разыходзяцца з ЦВК

Паводле звестак апытанняў на выхадзе з выбарчых участкаў, новы склад Дзярждумы сфарміруюць чатыры партыі. Першыя звесткі ЦВК паказваюць, што праходзяць пяць партый — але гэта звесткі пасля апрацоўкі толькі 8,9% пратаколаў.


У Дзярждуму VIII склікання праходзяць чатыры партыі: «Адзіная Расія» з 45,2% галасоў, КПРФ з 21% галасоў, ЛДПР з 8,7% галасоў і «Справядлівая Расія — За праўду» з 7,9% галасоў. Пра гэта сведчаць даныя экзіт-пола, праведзенага даследчай кампаніяй ИНСОМАР.

Астатнія партыі, гаворыцца ў даследаванні, не пераадолелі 5-працэнтны бар’ер, паведамляе РБК.

Бліжэй за ўсіх да гэтай адзнакі, па дадзеных ИНСОМАР, апынулася партыя «Новыя людзі» (4,7%). Далей ідуць:

Партыя пенсіянераў — 3,6%;

«Камуністы Расіі» — 1,9%;

«Яблоко» — 1,6%;

«Зялёныя» — 0,9%;

«Радзіма» — 0,8%;

Партыя росту — 0,6%;

Расійская партыя свабоды і справядлівасці — 0,6%;

«Зялёная альтэрнатыва» — 0,3%;

«Грамадзянская платформа» — 0,3%.

Яшчэ 1,9% выбаршчыкаў паведамілі ИНСОМАР, што сапсавалі бюлетэні.

Для апытання былі адабраныя 1455 выбарчых участкаў у 825 населеных пунктах. Даследаванне праводзілася на выхадзе з участкаў з 8:00 да 20:00 па мясцовым часе на працягу трох дзён. Крок апытання склаў ад аднаго да трох чалавек, у залежнасці ад колькасці выбаршчыкаў на ўчастку. Усяго ў даследаванні прынялі ўдзел 438 тысяч чалавек.

Пры гэтым першыя звесткі ЦВК — пасля апрацоўкі 8,9% пратаколаў — паказваюць, што ў Дзярждуму пакуль праходзяць пяць партый. «Адзіная Расія» цяпер набірае 38,57% галасоў. Другое месца займае КПРФ — 25,17%, за імі ідуць ЛДПР (9,6%) і «Новыя людзі» (7,89%). У «Справядлівай Расіі — За праўду» 6,66%.

У Беларусі на ранак 19 верасня прагаласавала каля 9 тысяч чалавек, паведамілі прадстаўнікі расійскага пасольства ў Мінску.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: