Сайдамахаў бясследна знік у Чачні 7 гадоў таму, тое ж будзе з Амрыевым

Калі беларускія праваахоўнікі выдадуць затрыманага ўчора ў Добрушы Мурада Амрыева, расійскаму боку, хутчэй за ўсё ў жывых яго не пакінуць.

Ілюстрацыйнае фота

Шмат гадоў у Чачне пануе сапраўдны “беспредел”. Нясмелыя спробы праваабаронцаў хоць неяк паўплываць на сітуацыю, як правіла, абарочваюцца пераследам саміх жа праваабаронцаў.

Гісторыя Мурада Амрыева пакуль што не мае трагічнага працягу. А вось маці Асланбека Сайдамахава, якому давялося ўцякаць з базы АМАПу, дасюль не ведае, дзе яе сын.

У маці Асламбека, Марыі, пяцёра сыноў. Асланбек знік, адзін сын забіты і трое сядзяць у турмах. Пра сваю трагедыю яна распавяла Канстанціну Гусеву, праваабаронцу Камітэта па прадухіленні катаванняў, абсалютна спакойным голасам. Толькі ўздыхнула пад канец.

— Сына забралі з дому. 3 жніўня 2009 года прыйшлі людзі ў цывільным і сказалі, што адвязуць яго ў аддзел і праз пару гадзін адпусцяць, — успамінае жанчына. — З таго часу я сына не бачыла. Я скардзілася ў пракуратуру, паліцыю, следчы камітэт і г.д. Нічога дамагчыся не змагла. У кастрычніку да мяне дамоў прыйшлі амапаўцы ў форме і запатрабавалі дакументы на кватэру. Калі я адмовілася іх аддаць, яны перавярнулі ўсё ў хаце. Старшы прызнаўся, што Асланбек ад іх збег. Яны сышлі, але потым яшчэ доўга пераследвалі мяне: стаялі каля дома, ездзілі ў грамадскім транспарце. Навошта я ім патрэбна?

Тым часам Асланбек звязаўся са сваёй цёткай (маці ён тэлефанаваць баяўся) і сказаў, што хаваецца ў Астрахані. Хлопец распавёў, што яго прымусілі адгадаваць бараду, каб ён стаў падобны на баевіка. Яго хацелі завезці ў лес і забіць — так "уздымалі" паказчыкі па барацьбе з тэрарызмам. Неўзабаве сувязь з Асланбекам перапынілася. А ў студзені 2010 года маці даведалася, што сын нібыта напісаў тлумачальную, у якой гаварылася, што яго ніхто не выкрадаў, проста палаяўся з маці, бо яна не дазваляла ажаніцца, і з'ехаў у Астрахань.

З тых часоў ад сына Марыя больш не атрымлівала ніякіх звестак.

— Мы з ім не лаяліся, і я, наадварот, нават прымушала яго хутчэй ажаніцца, — распавядае Марыя Малаева. — Зразумела, што яго прымусілі напісаць гэтую паперу. Навошта яго забралі? Што ён зрабіў? Калі ён вінаваты, то яго павінны судзіць! Але справу пастаянна закрываюць. Усе баяцца. Нават адвакат сказаў мне, што не будзе займацца справай сына, і вярнуў грошы.

Маці ўжо амаль не спадзяецца на тое, што яе сын жывы.


Чытайце таксама: Чэмпіёну свету па змешаных адзінаборствах патрэбна дапамога праваабаронцаў

Дарэчы, у свой час у адказе на запыт праваабаронцаў з "Камітэта па прадухіленні катаванняў" з нагоды выкрадання людзей і катаванняў у паліцыі першы памочнік рэспубліканскага пракурора Мікалай Хабараў прызнаўся ў поўнай знямозе следчых. 

Прыводзім толькі адну цытату: "Органамі следства своечасова не праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні, не арганізавана належнае ўзаемадзеянне з аператыўнымі службамі. Ведамасны кантроль за расследаваннем крымінальных спраў з боку кіраўніцтва Следчага камітэта фактычна не ажыццяўляецца. Канкрэтных мер да ліквідацыі выяўленых парушэнняў закона, на якія ўказваецца органамі пракуратуры, не прымаецца. Вінаватыя асобы, якія дапускаюць парушэнні закона, неэфектыўнае расследаванне, да ўстаноўленай адказнасці не прыцягваюцца. Маюць месца факты утойвання злачынстваў, звязаных з выкраданнямі грамадзян, непасрэдна самімі следчымі СУ СК РФ па ЧР".

Такіх гісторый у Чачні ў праваабаронцаў процьма. Спадзяемся, што гісторыя Мурада Амрыева не стане чарговай. Слова за беларускімі праваахоўнікамі і праваабаронцамі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: